У Польшчы адбываюцца дэманстрацыі за ЕС і супраць рашэння пра вяршэнства нацыянальнага права

Амаль у сотні гарадоў Польшчы прайшлі або яшчэ праходзяць дэманстрацыі прыхільнікаў Еўрасаюза, якія пратэстуюць супраць нядаўняга рашэння Канстытуцыйнага трыбунала краіны ў справе вяршэнства нацыянальнага права над брусельскім.

Дэманстрацыя прыхільнікаў ЕС у Варшаве, 10 кастрычніка 2021

Дэманстрацыя прыхільнікаў ЕС у Варшаве, 10 кастрычніка 2021


Найбольшая дэманстрацыя адбываецца ў Варшаве, дзе сабраліся некалькі тысяч чалавек.

«Я заклікаю ўсіх, хто хоча абараніць еўрапейскую Польшчу, у нядзелю на Замкавую плошчы ў Варшаве, 18.00. Мы можам спыніць іх толькі разам», — напісаў Дональд Туск, былы прэм’ер-міністр Польшчы і былы прэзідэнт Еўрапейскага савета, у Твітары.

7 кастрычніка Канстытуцыйны трыбунал Польшчы вырашыў, што норма аб прыярытэце еўрапейскага права над палажэннямі польскай Канстытуцыі не адпавядае нормам краіны.

Пратэстоўцы лічаць, што гэтае рашэнне, якое аспрэчвае вяршэнства права ЕС, павышае верагоднасць выхаду Польшчы з Еўрасаюза. Сваю занепакоенасць рашэннем выказалі таксама кіраўнікі Еўрасаюза.

У сакавіку з запытам аб праверцы перавагі еўрапейскага права над мясцовым у Канстытуцыйны трыбунал звярнуўся прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Гэта адбылося неўзабаве пасля таго, як Еўрапейскі суд знайшоў парушэнні Варшавай заканадаўства ЕС пры правядзенні судовай рэформы.

Праведзеная кіруючай партыяй «Права і справядлівасць» судовая рэформа ў Польшчы, якая ў мінулым выклікала шматлікія вулічныя пратэсты прыхільнікаў ЕС, падпарадкавала Вярхоўны суд Міністэрству справядлівасці, а кіраўнік міністэрства атрымаў права прызначаць старшынь апеляцыйных і акруговых судоў самастойна, без кансультацый з прадстаўнікамі правасуддзя.

Рэформа прывяла да звальнення каля 40 адсоткаў дзеючых суддзяў Вярхоўнага суда, уключаючы старшыню. У Еўракамісіі лічаць, што такія дзеянні парушаюць баланс паўнамоцтваў і пагражаюць вяршэнству права.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: