У Польшчы памяняюцца правілы працаўладкавання іншаземцаў

Галоўная мэта зменаў у працаўладкаванні іншаземцаў у Польшчы — абмежаваць злоўжыванні ў гэтай сферы і ажыццявіць палажэнні гэтак званай дырэктывы аб сезонных рабочых.

Змены, якія на мінулым тыдні адобрылі Сейм і Сенат, між іншым, бяруць пад увагу аплату ў памеры 30 злотых (больш за 7 еўра) за рэгістрацыю заявы аб даручэнні працы замежніку.

"Закон рэгулюе пытанне заяваў, якімі многія працадаўцы проста злоўжывалі”, — тлумачыць намеснік міністра па справах сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Марцін Зелянецкі.

Змены тычацца ў асноўным замежнікаў, якія выконваюць сезонную працу, то бок грамадзянаў Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Расіі і Украіны. "Іх працаўладкаваньне ня можа адбывацца бескантрольна”, — падкрэсліў віцэ-міністр.

Па словах Зелянецкага, дазвол на сезонную працу ў Польшчы будуць выдаваць паветавыя аддзелы службаў занятасці. Яны таксама будуць рэгістраваць заявы аб даручэнні працы замежніку. Дазволы будуць выдавацца на перыяд да 9 месяцаў у дадзеным годзе.

Прадпрымальнік будзе абавязаны паведаміць пра абставіны прыняцця на працу замежніка. Гэта дазволіць службам занятасці і Інспекцыі працы праверыць, ці выкарыстоўваецца заява аб даручэнні працы ў адпаведнасці са сваім прызначэннем. Прадпрымальнік будзе таксама абавязаны паведаміць адпаведным службам, ці пачаў іншаземец сапраўды працу, ці не.

Эксперты звяртаюць увагу, што праца іншаземцаў, асабліва з-за ўсходняй мяжы, мае вялікае значэнне ў такіх сектарах сельскай гаспадаркі як садаводства й агародніцтва, паколькі ў іх патрэбна шмат фізычнай сілы.

Паколькі Сенат унёс некаторыя папраўкі, законапраект вернецца яшчэ раз у Сейм. Закон павінен уступіць у сілу з 1 студзеня будучага году.

Паводле radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: