У Польшчы створаць зоны для аўтамабіляў з нулявым узроўнем выкідаў

Для астатніх машынаў уезд у чыстыя транспартныя зоны будзе платны.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Некаторыя гарады ў Польшчы плануюць увесці гэтак званыя чыстыя транспартныя зоны. Права на бясплатны ўезд у гэткія тэрыторыі атрымаюць выключна электрычныя транспартныя сродкі або аўтамабілі, якія ў якасьці паліва выкарыстоўваюць вадарод і прыродны газ, паведамляе radyjo.net са спасылкай на "Gazeta Wyborcza”.

Чыстыя транспартныя зоны плануюцца, між іншым, у Варшаве, Познані, Кракаве і Закапане. Аплаты вызначаць мясцовыя органы ўлады. Максімальна яны складуць да 30 злотых (больш за 7 еўра). За ўезд без аплаты штраф складзе 500 злотых (амаль 120,5 еўра).

Праект накіраваны на паляпшэнне якасьці паветра ў гарадах. Напрыклад, у Варшаве аўтамабілі адказваюць за 60% забруджання паветра.

Аднак прапанова ня ўсім падабаецца. Супраць яе выступае, напрыклад, дарадчык мэра Слупска (Słupsk) Дарыюш Швэд (Dariusz Szwed).

"Мы павінны падтрымліваць сцежкі для ровараў і пешаходаў, а не ўводзіць палёгкі для тых, хто можа сабе дазволіць на вельмі дарагі аўтамабіль”, — пераконвае ён у выданні "Gazeta Wyborcza”.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: