У Польшчы з'явіліся шанцы легалізаваць марыхуану

Дэпутаты памянялі падыход да канопляў дзякуючы хвораму на рак мозгу палітыку, паведамляе Польскае радыё са спасылкай на Gazeta Wyborcza.

Тамаш Каліта, былы прэс-сакратар Саюзу левых дэмакратычных сіл, спачатку ў сацыяльных сетках, а затым па тэлебачанні расказаў пра сваю барацьбу са злаякаснай пухлінай мозгу, якую ў яго выкрылі напрыканцы траўня.

37-гадовы палітык выступіў з выразнымі шнарамі на галаве пасля аперацыі мозгу. Цяпер у яго цяжкасці з руханнем левай нагой і рукой. Каліта расказаў, што хацеў бы легальна лячыцца з дапамогай алею з марыхуаны, які ў Польшчы забаронены. Тым не менш, многія хворыя, насуперак законам, выкарыстоўваюць гэты прэпарат.

— Пра супрацьпухлінавае дзеянне алею з марыхуаны піша нават амерыканскі Нацыянальны інстытут рака. Аднак паспяховасьць алею пацвердзілася толькі ў лабараторных умовах і на жывёлах. У выпадку чалавека дзеянне канчаткова не пацверджана, — кажа доктар паліятыўнага лячэння Ежы Ярош з варшаўскага анкалагічнага хоспісу святога Кшыштафа. З дапамогай канопнага алею лекар у Мадрыдзе давёў да кароткачасовага змяншэння пухліны мозгу. Аднак для мэдыцынскіх колаў гэтага мала, каб алей з марыхуаны прызнаваць лякарствам.

— Аднак у хворых няма часу чакаць на адназначныя доказы, а ў нас няма права забараніць ім скарыстаць гэтым шанцам, — кажа доктар Яраш.

Хворыя на ўласную руку купляюць канопны алей у дылераў і за мяжой, і лечацца самі.

У Польшчы лячэнне мэдычнай марыхуанай дазваляецца толькі ў рамках гэтак званага мэтанакіраванага імпарту. Каноплі легальна можна імпартаваць з Нідэрландаў, аднак працэдуры вельмі складаныя і хворыя гэтай магчымасцю не карыстаюцца.

Дыскусія аб легалізацыі мэдычнай марыхуаны ў Польшчы цягнецца гадамі. Законапраект прапаў у Сэйме, але цяпер, пасля заявы хворага палітыка, пра неабходнасць змены законаў загаварылі ўсе партыі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: