У Расіі нямога аштрафавалі за скандзіраванне лозунгаў

Суд у Санкт-Пецярбургу аштрафаваў за ўдзел у акцыі мясцовага жыхара Яўгена Агафонава, паведамляе «Свабода» са спасылкай на «Апологию протеста». Ён сказаў, што ішоў у краму і нічога не ведаў пра акцыю. Яго затрымалі, калі ён спрабаваў паказаць паліцыянтам, што не чуе. У пратаколе сілавікі напісалі, што ён разам з іншымі ўдзельнікамі скандзіраваў лозунгі. Агафонаў кепска чуе і зусім не можа гаварыць.


Суддзя пакараў яго штрафам у 5 тысяч расійскіх рублёў (каля 176 рублёў у пераводзе на беларускія). Адзначаецца, што гэта ніжэй за мінімальнае пакаранне.

Падобны выпадак быў у Беларусі ў 2010 годзе. Тады на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 19 снежня таксама затрымалі нямога і запісалі ў пратакол, што ён выкрыкваў антыдзяржаўныя лозунгі. Суд адправіў справу на дапрацоўку.

Праз год, у 2011-м, за ўдзел у адной з маўклівых акцый пратэсту аштрафавалі чалавека без рукі. Міліцыянт на судзе сведчыў, што падсудны пляскаў у далоні.

Нарэшце, у 2020 годзе, 12 верасня, ў Гомелі затрымалі і пабілі 23-гадовага інваліда па слыху. Паводле міліцыі, ён «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, гучна выкрыкваў лозунгі». 16 верасня адбыўся суд, які палічыў віну недаказанай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: