У Расіі пацвердзілі падрыхтоўку візіту Кім Чэн Ына

У МЗС Расіі пацвердзілі падрыхтоўку візіту кіраўніка КНДР. Запрашэнне наведаць Расію было перададзена паўночнакарэйскаму кіраўніку яшчэ ў траўні мінулага года.

Фота: mid.ru

Візіт кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына ў Расію сапраўды рыхтуецца. Пра гэта ў сераду, 17 красавіка, паведаміла газета “Известия” са спасылкай на інфармаваную крыніцу ў МЗС РФ.

Саміт кіраўнікоў Паўночнай Карэі і Расіі, хутчэй за ўсё, пройдзе на наступным тыдні ва Уладзівастоку перад адлётам Уладзіміра Пуціна ў Пекін на саміт “Адзін пояс — Адзін шлях”, які адбудзецца 26–27 красавіка.

“Известия” адзначаюць, што за апошнія дні Кім Чэн Ын паспеў пагадзіцца на трэці саміт з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, а таксама атрымаць запрашэнне на новую сустрэчу ад Сеула. "Магчыма, гэта зменіць яго падыходы (адносна візіту ў Расію). Ён чалавек імпульсіўны", — падкрэсліў суразмоўца газеты.

Як запэўніў «Известия» адзін з суразмоўцаў на Смаленскай плошчы, на будучай сустрэчы з Кімам расійскі бок, які ўжо не раз выказваўся пра неабходнасць змякчэння санкцый, зноў заявіць пра намер прадоўжыць актыўную дзейнасць у ААН з мэтай паслаблення рэстрыкцыяў супраць КНДР у адказ на пэўныя крокі Пхеньяна па зніжэнні напружанасці: «Важна і тое, што КНДР нязменна галасавала ў Радзе Бяспекі ААН у падтрымку Расіі (у тым ліку па тэме Крыму), нават нягледзячы на тое, што Масква падтрымала некалькі санкцыйных рэзалюцыяў ААН у дачыненні да Пхеньяна. У адрозненне ад Паўднёвай Карэі, якая ніколі не падтрымлівае ў Радзе Бяспекі Расію, калі супраць яе былі ЗША. І нам гэта трэба ўлічваць», — заўважыў суразмоўца газеты.

Нагадаем, у канцы сакавіка СМІ паведамілі, што Кім Чэн Ын мае намер наведаць Расію пасля няўдалай сустрэчы з прэзідэнтам ЗША. Днямі стала вядома, што сустрэча лідара КНДР з Уладзімірам Пуціным пройдзе ва Уладзівастоку 23 або 24 красавіка. Апошні раз кіраўнікі Расіі і КНДР сустракаліся ў жніўні 2011 года, калі Дзмітрый Мядзведзеў прымаў у Бураціі цяпер нябожчыка Кім Чэн Іра.

 Паводле iz.ru, korrespondent.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: