У Расіі судзяць пенсіянера, які дапамог добраўпарадкаваць могілкі рэпрэсаваных

Леаніду Ладанаву можа пагражаць да трох гадоў турмы за дапамогу «Мемарыялу» і літоўцам.
 
Леанід Ладанаў жыве ў пасёлку Велва-База, у 250 км ад Пярмі. 26 гадоў ён адпрацаваў егерам. Даўно ўжо на пенсіі. Але аднавяскоўцы працягваюць звяртацца да яго па дапамогу па звычцы. Ён ведае лес, як ніхто ў акрузе.

Піхты, елі, хвоі і кедры атачаюць Велва-Базу з усіх бакоў на многія дзясяткі кіламетраў. Жыхары пасёлка кажуць, што жывуць у Парме. У перакладзе з комі-пярмяцкай «Парма» — «бязмежны лес». Комі-пярмяцкая — родная мова для мясцовага насельніцтва. Але жыхары добра валодаюць і рускай, ведаюць трохі літоўскую. У 50-я гады на Велва-Базу і ў навакольныя пасёлкі накіроўвалі дэпартаваных літоўцаў. Іх сялілі ў бараках і накіроўвалі на працы ў лесе: мужчыны, як правіла, займаліся рубкай дрэў, а жанчыны і падлеткі вызвалялі ствалы ад сучкоў.

У 2016 годзе літоўцы ўсталявалі побач з мясцовым могілкамі памятны знак. А ў 2019 годзе прыехалі з экспедыцыяй, каб прыбрацца на месцах пахаванняў сваіх землякоў, тых, хто нарадзіўся ў дэпартацыі. Экспедыцыю арганізавала маладзёжнае валанцёрскае аб'яднанне пры пермскім «Мемарыяле». Акрамя пецярых грамадзян Літвы, у ёй удзельнічалі «мемарыяльцы» і валанцёры з Італіі і Расіі.


Спыніліся ўдзельнікі экспедыцыі як раз у Ладанава. Ён заўсёды прымае літоўцаў, калі яны прыязджаюць на Велва-Базу. З пастаянным удзельнікам экспедыцый, Генюсам Балюкевічусам, ён разам хадзіў у дзіцячы сад, а потым у школу. Жыве пенсіянер з жонкай (дзеці даўно раз'ехаліся) у тыповым для Велва-Базы доме — драўлянай двухкватэрцы. Праз тое, што ўдзельнікаў экспедыцыі было цэлых дзесяць, літоўцаў ён размясціў у сябе, а іншых гасцей пасяліў у пустым доме сваёй маці. Гэты дом стаіць на той жа вуліцы Берагавой, у 200 метрах ад дома Ладанава.

Днём валанцёры працавалі на могілках: прыбіралі сухастой, касілі траву, аднаўлялі частку плота, якая ўпала — а ўвечары вярталіся ў пасёлак. У апошні дзень экспедыцыі да іх заявіліся супрацоўнікі паліцыі, міграцыйнай службы, ФСБ і міністэрства прыродных рэсурсаў Пермскага краю. «Чым вы тут займаецеся? Лес сечаце? У каго жывяце? У якія арганізацыі ўваходзіце?» — цікавіліся правяраючыя. Допыты ішлі да дзвюх гадзін ночы.

На наступны дзень паліцэйскія зноў прыбылі ў Велва-Базу. Яны распачалі дзве крымінальныя справы — па факце незаконнай высечкі лесу (пасля яе прыпынілі) і ў дачыненні да Леаніда Ладанава. Пенсіянера абвінавацілі ў фіктыўнай рэгістрацыі замежных грамадзян. Па версіі следства, ён нібыта зарэгістраваў літоўцаў у сябе дома, а на справе яны жылі ў доме яго маці. Пабудавана абвінавачанне на паказаннях літоўцаў, якіх дапытвалі без перакладчыка, і на словах мясцовых жыхароў, якія з валанцёрамі не мелі зносінаў і нават не падазравалі, што ў экспедыцыі, акрамя літоўцаў, удзельнічаюць грамадзяне Італіі і Расіі. Гэтыя людзі толькі бачылі валанцёраў каля дома маці Ладанава.

«Фіктыўную пастаноўку на ўлік замежных грамадзян Ладанаў ажыццявіў, дзейнічаючы ў мэтах выканання злачыннага намеру», — гаворыцца ў абвінаваўчым заключэнні.

— Я разумею, што гэта палітыка, — паціскае плячыма пенсіянер. — Столькі разоў літоўцы прыязджалі да мяне, нікога гэта не цікавіла. Цяпер, калі адносіны паміж Расіяй і Літвой сапсаваліся, я стаў крайнім. Памятаеце ўрокі літаратуры ў школе? Такія гісторыі пісьменнікі звычайна распавядаюць у сваіх кніжках. Як іх называюць? Тэма маленькага чалавека?

Крымінальную справ, узбуджаную ў дачыненні да Ладанава, разглядае міравы суддзя Людміла Макрушына. На апошнім пасяджэнні 12 лютага адвакаты Леаніда Мікалаевіча Сяргей Кудымаў і Эдуард Асатран заявілі ёй адвод. Па словах абаронцаў, суддзя, як і паліцыянты, мяркуючы па ўсім, не хоча разбірацца ў справе аб'ектыўна. Хадайніцтва аб выкліку літоўцаў у суд яна адхіліла, паколькі дзяржабвінавачанне яго не падтрымала. А сакратар судовага пасяджэння Галіна Радасцева прадставіла ў суд тэлефанаграму, згодна з якой літоўцы нібыта адмовіліся ад удзелу ў справе. Яна іх абзвоньвала па тэлефоне, датэлефанавалася да чацвярых. Адзін з літоўцаў, Станіславас Улінскас, размову запісаў, адвакаты прадставілі суду аўдыёзапіс. З яе выразна вынікае, што Станіславас выказвае жаданне прыехаць у суд, але просіць даць яму час для афармлення візы альбо прапануе арганізаваць паміж Расіяй і Літвой канферэнцсувязь.

— Чатыры разы мой калега Эдуард Асатран падчас следства заяўляў хадайніцтва аб правядзенні вочных ставак з літоўцамі. Але яму ў гэтым адмовілі. Самі літоўцы звярталіся ў паліцыю з заявай, прасілі іх перадапытаць з удзелам перакладчыка. Але і гэтага не было зроблена. Цяпер і суд пачынае аддаваць перавагу доказам? — уражаны абаронца Сяргей Кудымаў.

— Не ведаю, дзе апынецца пры такім стаўленні суда да разгляду Леанід Ладанаў, — згаджаецца з ім калега Эдуард Асатран. — Як бы абсурдна гэта ні гучала, але мы элементарна не можам сёння апытаць сведак абвінавачвання. Ні падчас следства нам не дазволілі гэта зрабіць, ні цяпер.

Атрымліваецца, абвінавачанне будуецца на здагадках, чутках і асобасных адносінах.

Сакратар судовага пасяджэння Галіна Радасцева патлумачыла, што, магчыма, пераблытала літоўцаў, калі афармляла тэлефанаграмы. Паводле яе слоў, адзін з літоўцаў сказаў, што не можа прыехаць. У выніку адвод суддзя Людміла Макрушына не прыняла і прызначыла наступнае паседжанне на 20 лютага.

«Kafka process live», — напісаў у фэйсбуку з нагоды таго, што здарылася, адзін з удзельнікаў экспедыцыі з Літвы Томас Кукіс.

Леаніду Ладанаву за дапамогу «Мемарыялу» і літоўцам можа пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі.

novayagazeta.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: