У Расіі ў двух чалавек ужо выявілі каранавірус з Кітая

Кітайскі каранавірус з’явіўся ў Расіі. У РФ у двух чалавек выявілі новы каранавірус.

 

Фота Xiong Qi, XinHua, Globallookpress

У Расіі выявілі два першыя выпадкі заражэння віруснай інфекцыяй, выкліканай новым тыпам каранавіруса. Вірус дыягнаставалі ў дваіх грамадзян Кітая, якія знаходзяцца ў Забайкальскім краі і Цюменскай вобласці. Пра гэта паведаміла віцэ-прэм'ер РФ Таццяна Голікава, піша meduza.io.

Стан дваіх хворых ацэньваецца як стабільны, без клінічных праяваў і без тэмпературы, паведаміла кіраўнік Расспажыўнагляду Ганна Папова. Яна адзначыла, што рызыкі распаўсюджвання віруснай інфекцыі ў Расіі няма. Хворыя ізаляваны, іх кантакты правераныя.

Голікава таксама паведаміла, што ўлады Расіі эвакуююць расійскіх грамадзян з кітайскай правінцыі Хубэй, дзе ў горадзе Ухань знаходзіцца эпіцэнтр эпідэміі. Ва Ухані знаходзяцца 300 грамадзян Расіі, у Хубэй — яшчэ 341 чалавек.

Урад Расіі рыхтуе пастанову пра забарону на працоўныя візы з Кітая, паведаміла Голікава.

Для барацьбы з распаўсюджваннем каранавірусу будуць закрытыя авіязносіны з Кітаем, акрамя рэйсаў «Аэрафлота» ў Пекін, Шанхай, Ганконг і Гуанчжоу, а таксама рэгулярных рэйсаў кітайскіх авіяліній у маскоўскі аэрапорт Шарамеццева. Новы рэжым авіязносін увядуць з 1 лютага.

Акрамя таго, Расія абмяжуе перасячэнне мяжы з Манголіяй. Раней, 31 студзеня, была закрытая мяжа з Кітаем. Пакуль расійскія ўлады не збіраюцца абмяжоўваць паштовыя і грузаперавозкі з Кітаем.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: