У Расіі за фігурантаў «маскоўскай справы» заступаюцца акцёры, святары і настаўнікі

Яны публікуюць адкрытыя лісты да ўладаў з патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед актывістаў і выходзяць на пікеты ў іх падтрымку.
Удзельнік пратэстаў перад ачапленнем паліцыі

Удзельнік пратэстаў перад ачапленнем паліцыі

«Маскоўская справа» — крымінальная справа аб масавых беспарадках, узбуджаная пасля няўзгодненай акцыі пратэсту ў Маскве 27 ліпеня. Сямёра фігурантаў гэтай справы ўжо прысуджаныя да тэрмінаў ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі. Яшчэ з некалькіх фігурантаў абвінавачанне было знята.

Расійскія школьныя настаўнікі апублікавалі адкрыты ліст з патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед фігурантаў «маскоўскай справы». На думку настаўніцкай супольнасці, прысуды, вынесеныя судамі ў рамках справы, «неправасудныя» і «топчуць Канстытуцыю».

«Мы спадзяемся, што грамадства і яго ўлада ў стане засвоіць урокі гісторыі, грамадазнаўства і літаратуры. Мы патрабуем вызваліць несправядліва асуджаных, спыніць сфабрыкаваныя справы і даць справядлівую з пункту гледжання закона ацэнку дзеянняў тых, хто збіваў людзей на вуліцах, арыштоўваў без віны, даваў ілжывыя паказанні, пісаў пад капірку хлуслівыя пратаколы, выносіў заведама несправядлівыя прысуды. Інакш наша краіна асуджана зноў і зноў заставацца на другі год, нічога не засвоіўшы са школьнай праграмы», — гаворыцца ў лісце.

Да раніцы 18 верасня свае подпісы пад дакументам паставілі больш за 250 настаўнікаў з усёй Расіі.

Напярэдадні адкрыты ліст у абарону фігурантаў «маскоўскай справы» апублікавалі дзясяткі святароў Рускай праваслаўнай царквы, сярод іх — і некалькі святароў з Беларусі.

Акцёрская супольнасць таксама масава выступіла ў падтрымку фігуранта «маскоўскай справы» акцёра Паўла Усцінава, асуджанага на 3,5 года калоніі агульнага рэжыму.

Паводле meduza.io

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: