У Расіі заявілі пра неафіцыйныя выпрабаванні вакцыны ад COVID-19 на людзях

Расійскія навукоўцы вырашылі выпрабаваць створаную вакцыну на сабе і кажуць, што яна працуе, а негатыўных эфектаў няма.

Навукоўцы выпрабавалі вакцыну на сабе. Фота: pixabay.com


Расійскія навукоўцы заяўляюць, што стварылі і паспяхова пратэставалі на людзях вакцыну ад каронавіруса.

Вакцыну на сабе праверылі супрацоўнікі Нацыянальнага даследчага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя Н. Ф. Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расіі.

"Што да распрацоўшчыкаў — сапраўды, яны не столькі на сабе выпрабоўваюць, колькі сябе абаранілі, для таго каб ва ўмовах пандэміі далей яны маглі займацца распрацоўкай (...) Усе, хто займаецца распрацоўкай, адпаведна, усе абароненыя", — перадае словы дырэктара цэнтра акадэміка РАН Аляксандра Гінцбурга interfax.ru.

Паводле яго слоў, пабочных эфектаў ад прэпарату не было. "Няма. Усе жывыя, здаровыя і радуюцца", — распавёў акадэмік наконт пабочных эфектаў вакцыны.

Ён не ўдакладніў колькасць калегаў, якія ўвялі сабе вакцыну, аднак, паводле яго слоў, гэта шырокае кола супрацоўнікаў цэнтра — распрацоўшчыкі, арганізатары даклінічных даследаванняў і тэхнолагі.

Гінцбург растлумачыў, што гаворка ідзе пра перспектыўную вектарную вакцыну НІЦЭМ на аснове ДНК адэнавіруса, у якую ўбудаваны ген каронавіруса SARS-CoV-2. Адэнавірус выкарыстоўваецца ў якасці "кантэйнера", каб даставіць каронавірусны ген у клеткі, запусціць там сінтэз бялкоў абалонкі новага каронавіруса (той самай "кароны", дзякуючы якой каронавірус атрымаў сваю назву) і "пазнаёміць" такім чынам імунную сістэму з патэнцыйным ворагам. Вакцыны такога тыпу называюцца вектарнымі.

Паводле korrespondent.net, www.interfax.ru


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: