У Расіі знішчаюць архіўныя звесткі пра рэпрэсаваных

У Расіі існуе міжведамасны загад пад грыфам «для службовага карыстання», у якім, у прыватнасці, гаворыцца, інфармацыя пра рэпрэсаваных павінна знішчацца па дасягненні асуджанымі 80-гадовага ўзросту, паведамляе «Радыё Свабода».

Колішні лагер «Перм-36», цяпер Мемарыяльны музей гісторыі палітычных рэпрэсій

У Расіі на падставе засакрэчанага міжведамаснага загаду 2014 года знішчаюцца архіўныя звесткі аб рэпрэсаваных грамадзянах СССР.

Пра гэта ў лісце дарадцы прэзідэнта РФ і кіраўніку СПЧ Міхаілу Фядотаву распавёў дырэктар Музею гісторыі ГУЛАГа Раман Раманаў, піша «Коммерсантъ».

Асабістыя справы савецкіх зняволеных адпраўлялі на бестэрміновае захоўванне ў архіў у выпадку іх смерці ў лагерах, растлумачыў Раманаў газеце. Калі зняволены вызваляўся, справу знішчалі, але складалі ўліковую картку, дзе ўказваліся дадзеныя пра чалавека і яго знаходжанне ў сістэме ГУЛАГу.

Партнёр Музея гісторыі ГУЛАГу Сяргей Прудоўскі высветліў, што такія ўліковыя карткі таксама сталі знішчаць. Як распавялі ва Упраўленні МУС Расіі па Магаданскай вобласці, дзе даследчык шукаў інфармацыю пра аднаго з рэпрэсаваных, існуе міжведамасны загад пад грыфам «для службовага карыстання» ад 12 лютага 2014 году, у якім, у прыватнасці, гаворыцца, што карткі павінны знішчацца па дасягненні асуджанымі 80-гадовага ўзросту. Загад падпісаны МУС, Мінюстам, МНС, Мінабароны, ФСБ, ФСКН, ФМС, ФСО, СВР, Генпракуратурай і Дзяржаўнай фельд’егерскай службай.

«Крымінальныя справы грамадзян захоўваюцца ў ФСБ альбо ў дзяржархіве. Але ўсе яны сканчаюцца датай асуджэння і звесткамі пра прысуд: расстрэл або лагер. З расстрэлам зразумела. А інфармацыя, куды быў адпраўлены асуджаны на лагеры, ці выжыў, ці пераводзіўся з аднаго лагера ў іншы, знаходзіцца толькі ва ўліковых картках, якія захоўваюцца ў МУС. І гэтая інфармацыя пасля знішчэння карткі забудзецца», — растлумачыў Прудоўскі.

Кіраўнік СПЧ Міхаіл Фядотаў паабяцаў разабрацца ў праблеме знішчэньня архіўных звестак.

«Гэта прынцыпова важна, паколькі гэта сродак процідзеяння фальсіфікацыі гісторыі. Калі ёсць дакумент, яго фальсіфікаваць практычна немагчыма. А калі дакументу няма, можна прыдумаць усё, што заўгодна», — заявіў ён «Коммерсанту».

Дакладная колькасць асуджаных у гады савецкіх рэпрэсій невядомая. Паводле падлікаў міжнароднага таварыства «Мемарыял», агульная колькасць рэпрэсаваных можа дасягаць 12 мільёнаў чалавек.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!