У Роўне адкрылі памятную дошку ў гонар перамогі войска ВКЛ пад Воршай

У Роўне, абласным цэнтры Украіны, у пешаходнай зоне вуліцы Саборнай павесілі памятную дошку з нагоды 505-й гадавіны перамогі войска Вялікага Княства Літоўскага пад Воршай, перадае Радыё Свабода.

Дошка ўмураваная ў сцяну проста на тым месцы, дзе, паводле гісторыкаў, некалі знаходзілася Астрожская брама, праз якую князь Канстанцін Астрожскі заязджаў ў Роўна. Цяпер тут стаіць гандлёвы цэнтр.

На дошцы напісана: «08.09.1514. Перамога князя К. Астрожскага ў бітве пад Оршаю».

Ініцыятарам святкавання ўгодкаў Аршанскай бітвы выступіла мясцовая грамадзкая арганізацыя «Слава князёў Астрожскіх», якую падтрымалі і гарадскія ўлады.


«Трэба, каб моладзь выхоўвалася на нечым пазітыўным, на тым, чым можна ганарыцца. Гэта такая дошка „спатыкнення“, бо трэба, каб усе ведалі, што была такая бітва, у якой мы перамаглі, і, напэўна, не апошні раз», — сказаў мэр Роўна Уладзімір Хамко на адкрыцці дошкі.

Адначасова ў Роўне стартавала акцыя збору сродкаў на рэстаўрацыю карціны польскага мастака Юзафа Менціны-Кшэша «Бітва пад Оршай», напісанай ў XIX стагоддзі. У гандлёвым цэнтры для гэтага стварылі адмысловую фотазону, дзе можна сфатаграфавацца побач з выявай карціны і ахвяраваць сродкі на яе аднаўленне.


Ва Украіне ад 2014 года пачалі актыўна папулярызаваць імя князя Канстанціна Астрожскага — ім названыя 30-я асобная Наваград-Валынская Роўненская механізаваная брыгада і супольная ўкраiнска-лiтоўска-польская вайсковая брыгада.

У кастрычніку 2014 года Нацыянальны банк Украіны выпусціў манету ў гонар 500-годдзя бітвы пад Оршай, у якой войска Маскоўскай дзяржавы пацярпела паразу ад Вялікага Княства Літоўскага.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!