У Самалі хочуць правесці выбары — першыя за 60 гадоў

Кіраўнік Самалі Махамед Абдулахі Махамед днямі зрабіў гістарычную заяву пра намер правесці ў краіне агульныя парламенцкія выбары. 

Махамед Абдулахі Махамед


Гістарычнасць яе ў тым, што апошні раз самалійцаў запрашалі на выбары ў далёкім 1969 годзе. Абраная тады дэмакратычная адміністрацыя доўга не ўтрымалася праз хуткі вайсковы пераварот. Пасля пачаліся канфлікты з суседзямі і грамадзянская вайна.

У выніку на пачатку 1990-х гадоў Самалі як дзяржава фактычна спыніла сваё існаванне ды страціла ўсе атрыбуты дзяржаўнасці. Яе тэрыторыя ўяўляла калейдаскоп з розных шматкоў, якія кантраляваліся палявымі камандзірамі.

Сітуацыя стабілізавалася з дапамогай знешніх гульцоў толькі дэкаду таму. Пачынаючы з 2012 года федэральны ўрад паслядоўна вядзе перамовы, у выніку якіх мясцовыя адміністрацыі атрымліваюць юрыдычнае афармленне як сябры федэрацыі. Адпаведна, быў створаны прадстаўнічы орган, які пакуль фарміруецца з прадстаўнікоў кланаў і аўтаномій.

І вось цяпер паўстала ідэя абраць нармальны парламент, які дасць магчымасць партыі большасці ці самай вялікай кааліцыі ў парламенце фарміра­ваць урад і абіраць прэзідэнта.

Між тым, аналітыкі сумняваюцца наконт гатоўнасці Самалі да ўсенародных выбараў. Ужо цяпер некаторыя рэгіёны асцярожна прапануюць іх адкласці. Нарэшце, на пачатку года Пунталэнд (адна з тэрыторый Самалі, якая ў 1990-я абвясціла сябе незалежнай дзяржавай), зачыніў філіял самалійскага выбаркаму і запатрабаваў перамоваў з цэнтрам.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: