У Санкт-Пецярбургу кармілі галубоў за Хабараўск і Беларусь

Каля 300 удзельнікаў акцыі падрыхтавалі да адпраўкі лісты з загалоўкамі «Я / Мы Хабараўск» і «Жыве Беларусь». Не абыйшлося і без затрыманняў.
Акцыя ў Санкт-Пецярбургу

Акцыя ў Санкт-Пецярбургу

У Санкт-Пецярбургу ў суботу, 8 жніўня, на пляцоўцы перад Гасціным дваром адбылася акцыя ў падтрымку пратэстных выступленняў ў Хабараўску і ў знак салідарнасці з дэмакратычнай апазіцыяй Беларусі.

Арганізатарамі сталі актывісты мясцовай суполкі Лібертарыянскай партыі Расіі і руху «Адкрытая Расія». Першапачаткова правядзенне акцыі пад дэвізам #кормимголубей планавалася на Дварцовай плошчы, але, даведаўшыся аб намерах, гарадская адміністрацыя тэрмінова абвясціла аб правядзенні тут забаўляльнага мерапрыемства. Таму аргкамітэт акцыі салідарнасці паведаміў праз сацсеткі пра тое, што адпраўка лістоў з загалоўкамі «Я / Мы Хабараўск» і «Жыве Беларусь» адбудзецца ў тым месцы, дзе ў пачатку дзесятых гадоў праходзілі акцыі ў рамках «Стратэгіі 31».

Актывісты раздаюць сцяжкі, паліцыя шукае робата

Дарэчы, цяперашняя акцыя стала другой падобнага роду ў Санкт-Пецярбургу. У мінулую суботу шэсце па ходніках у цэнтры горада са сцягамі Хабараўскага краю і шарыкамі белага, блакітнага і зялёнага колеру завяршылася затрыманнямі 23 чалавек. У ліку затрыманых быў і намеснік кіраўніка муніцыпальнага акругі «Васілевостраўскай» Аляксей Касаткін. Ацэньваючы цяперашнюю акцыю, ён сказаў карэспандэнту DW: «Зараз тут, я думаю, сабралася чалавек трыста пяцьдзесят. У мінулы раз нас было пабольш — сотняў шэсць. Вядома, людзям не хочацца быць затрыманымі, ды яшчэ і атрымаць штрафы. Мне, напрыклад, пагражае штраф да 4 000 рублёў за парушэнне рэжыму самаізаляцыі, але калі выйдзе дзвесце тысяч, то паліцыя пяройдзе на наш бок».

Дарэчы, супрацоўнікаў паліцыі ў Гасцінага двара таксама было нямала. У асноўным яны здымалі на камеры ўдзельнікаў акцыі і праз мегафоны папярэджвалі прысутных аб тым, што публічнае мерапрыемства ў дадзеным месцы не з'яўляецца законным, і да затрыманых будуць ужытыя артыкула Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Тым не менш, выконваць пагрозы паліцыя не спяшалася, у тым ліку і таму, што адразу пасля пачатку акцыі кудысьці падзеўся запушчаны ў неба квадракоптэр, з якога вяліся аператыўныя відэаздымкі. Таму частка паліцэйскага складу была адпраўлена шукаць робата на даху ўнівермага, а яшчэ некалькі чалавек апытвалі выпадковых мінакоў, ці не падабралі яны казённы лятальны апарат.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: