У Славакіі кампартыю Чэхаславакіі прызналі злачыннай арганізацыяй

Парламент Славакіі 4 лістапада прыняў папраўкі да заканадаўства, у адпаведнасці з якімі ў краіне будзе забаронена называць вуліцы і іншыя грамадскія прасторы імёнамі прадстаўнікоў камуністычнага, фашысцкага і нацысцкага рэжымаў. Таксама забараняецца размяшчаць на помніках і мемарыяльных дошках сімволіку гэтых рэжымаў, піша Радыё Свабода.
Савецкі кіраўнік Леанід Брэжнеў і генеральны сакратар кампартыі Чэхаславакіі (этнічны славак) Густаў Гусак, Масква, 1977

Савецкі кіраўнік Леанід Брэжнеў і генеральны сакратар кампартыі Чэхаславакіі (этнічны славак) Густаў Гусак, Масква, 1977

Паводле паправак да дзейнага з 1996 года закона аб антыпраўным і амаральным характары камуністычнага рэжыму, Камуністычная партыя Чэхаславакіі (КПЧ) і яе славацкая філія абвяшчаюцца злачыннымі арганізацыямі.

У выглядзе выключэння можна будзе называць вуліцы ў гонар тых прадстаўнікоў таталітарных рэжымаў, якія пасля пачалі з імі змагацца. Пра тое, ці магчымае выключэнне, вердыкт будзе выносіць Інстытут нацыянальнай памяці. Гаворка можа ісці аб такіх спрэчных выпадках, як, напрыклад, былы першы сакратар ЦК КПЧ Аляксандр Дубчак, які ўзначальваў кампартыю падчас «Пражскай вясны» ў 1968 годзе. Ён падтрымаў дэмакратычныя перамены ў краіне і пасля быў кіраўніком парламенту ўжо дэмакратычнай Чэхаславакіі.

Закон забараняе называць вуліцы і ў гонар прадстаўнікоў Славацкай дзяржавы, якая падчас Другой сусветнай вайны была сатэлітам нацысцкай Германіі.

Камуністычная партыя заставалася ва ўладзе ў Чэхаславакіі, часткай якой была Славакія, з 1948 па 1989 год. У гэты час краіна ўваходзіла ў «савецкі блок». Сотні тысяч грамадзян зазналі палітычныя рэпрэсіі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: