У сталіцы Аўстрыі адбыўся маштабны тэракт. Жыхароў просяць не выходзіць на вуліцу

Познім вечарам 2 лістапада па сталіцы Аўстрыі пракацілася хваля тэрарыстычных нападаў. Тэрарысты здзейснілі нападу ў шасці месцах Вены. Два чалавекі загінулі, мінімум 15 параненыя. Адзін з нападнікаў застрэлены паліцыяй.

Паліцэйскія на месцы нападу ля сінагогі ў Вене. Фота АР


Першая атака адбылася ля будынка сінагогі на Зайтэнштэтэнгасэ. Астатнія атакі таксама прайшлі ў цэнтры горада — на вуліцах Морцінплац, Зальцгрыс, Фляйшмаркт, Баўэрнмаркт і Грабэн. Нападнікаў было некалькі, яны выкарыстоўвалі агнястрэльную зброю. Загінулымі былі выпадковыя мінакі, сярод параненых ёсць паліцыянты, перадае РБК.

Першапачаткова СМІ называлі нашмат большую лічбу загінулых — прынамсі сем чалавек. Аднак паліцыя не пацвердзіла гэтую інфармацыю.

Аднаго з нападнікаў паліцэйскія застрэлілі, іншым удалося ўцячы. Па гарачых слядах паліцыя затрымала чатырох падазраваных, але частка тэрарыстаў яшчэ на волі. Кіраўнік МУС Аўстрыі Карл Неахамер папярэдзіў, што ёсць верагоднасць новых нападаў. Па яго словах, некалькі зламыснікаў па-ранейшаму застаюцца ў цэнтры горада. У сувязі з гэтым Неахамер папрасіў жыхароў не выходзіць на вуліцу.

Афіцыйны прадстаўнік МУС Гаральд Зерес, удакладніў, што «гаворка ідзе аб асаблівай сітуацыі, кваліфікацыю якой — тэрарызм або бойня, — вызначаць пазней». Бойняй (Amoklauf) у нямецкамоўных краінах звычайна называюць бязладную стральбу ў грамадскіх месцах з нетэрарыстычнымі матывамі, паведамляе ria.ru.

Паліцэйскія правяраюць машыну на месцы аднаго з нападаў. Фота АР


Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц ужо адрэагаваў на тое, што здарылася. «Наша рэспубліка перажывае няпростыя часы. Хачу падзякаваць ўсіх супрацоўнікаў экстранных службаў, якія рызыкуюць сваім жыццём, асабліва сёння, дзеля нашай бяспекі. Наша паліцыя прыме рашучыя меры супраць вінаватых у гэтым жахлівым тэрарыстычным нападзе», — сказаў ён.

Аналітычны партал SITE Intelligence Group, які адсочвае актыўнасць джыхадзістаў у Інтэрнэце, паведаміў, што яны ўзялі на сябе адказнасць за напад, назваўшы гэта карай за ўдзел Аўстрыі ў кааліцыі ў барацьбе з тэрарыстычнай арганізацыяй «Ісламская дзяржава». Аўстрыя далучылася да кааліцыі ў барацьбе з ІД у верасні 2014 года. Удзел Аўстрыі ў кааліцыі носіць у асноўным палітычны, а не ваенны характар. Краіна, захоўваючы нейтралітэт, у асноўным аказвае гуманітарную дапамогу рэлігійным меншасцям, такім як хрысціяне і язіды ў Іраку і Сірыі.

У Аўстрыі ўзмоцненыя меры бяспекі. Ахову шэрагу будынкаў у Вене ўзялі на сябе вайскоўцы. Кантроль на межах краіны ўзмоцнены. Пасяджэнне Нацсавета Аўстрыі ў аўторак адмененае, як і пасяджэнне парламента. Заняткі ў школах прыпыненыя.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: