«У шэрагах ПВК Вагнера шмат беларусаў»

Былы кадравы расейскі афіцэр, баец прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра ў эксклюзіўным інтэрв’ю карэспандэнтцы belsat.eu распавёў, як браў удзел у аперацыях у Сірыі і на Данбасе.
фота «Reuters»

фота «Reuters»


Ён хавае свой твар і не называе сапраўднае імя, толькі пазыўны – Омэн. Цяпер знаходзіцца ў Маскве, дзе сумяшчае адпачынак з рэабілітацыяй пасля ранення. Любыя іншыя персанальныя дадзеныя баявік раскрываць адмаўляецца. Омэн быў байцом ПВК Вагнэра роўна год – з канца 2014 па канец 2015 года, а звольніўся, бо «знізіўся заробак».

Паводле яго словаў, на сённяшні дзень ён працуе ў прыватнай ахоўнай кампаніі, якая спецыялізуецца на атрыманні тэндараў ад расейскай дзяржавы на ахову радовішчаў карысных выкапняў у Афрыцы. Атрымлівае штомесяц каля 400 тысяч рублёў. Імаверна, гаворка вядзецца пра ПВК«Патрыёт», якую ў шэрагу СМІ звязвалі з гібеллю расейскіх журналістаў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.

У рэдакцыі няма магчымасці спраўдзіць усе агучаныя баевіком звесткі, але некаторыя факты (напрыклад, удзел вагнэраўцаў у баях каля Дэбальцава), маюць пацвярджэнне ў іншых крыніцах, у тым ліку«Bellingcat».
фота «Reuters»

фота «Reuters»



Дата звальнення – люты 2014-га

– Ці служылі вы ва Узброеных сілах РФ да пачатку вайны на Данбасе?

– Так, служыў па кантракце ў 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі, прасцей кажучы, пскоўскі дэсант. Афіцыйная я звольніўся ў лютым 2014-га году, званне – капітан. Праз некалькі месяцаў, у траўні, мы ўжо знаходзіліся «за бугром», то бок ва Украіне. Першая камандзіроўка была ў складзе зводнага атраду ў ЛНР, большасць удзельнікаў – нядаўна звольненыя кадравыя вайскоўцы. Праўда, забіралі дакументы з захаваннем акладу і выслугі. Пра «Вагнэра» гаворка тады яшчэ не вялася.

– Якія задачы выконваў гэты зводны атрад летам 2014 года на Данбасе?

– Пэўныя аперацыі па зачыстках, усё было лакальна: указанне-адпрацоўка, указанне – адпрацоўка. Працавалі па канкрэтных кропках, часцяком суправаджалі «гуманітарныя канвоі», у тым ліку на ўкраінскай тэрыторыі, пакуль не было шляхоў адыходу.

– А хто даваў указанні?

– Натуральна, усе гэтыя людзі знаходзіліся на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Камандаванне ажыццяўлялася адтуль.

– Якую аплату вы атрымлівалі на той момант?

– Сто тысяч рублёў за месяц дакладна меў. Грошы і амуніцыю рэгулярна прывозіў адмысловы кур’ер. Нас рэальна забяспечвалі ўсім, аж да цыгарэт, ні разу не затрымалі аплату.

– Якім чынам вы ўзаемадзейнічалі з узброенымі фармаваннямі ЛНР-ДНР?

– Мы ім асабліва нічога не тлумачылі. Жыхары ЛНР-ДНР у складзе вольных аб’яднанняў, так званыя апалчэнцы, праходзілі падрыхтоўку на базе ў Растоўскай вобласці, там іх трэнавалі, вучылі азам вядзення бою, а потым перакідвалі назад. Цяпер гэтая база наўрад ці захавалася. А на Данбасе мы базаваліся асобна, ім абсалютна не падпарадкоўваліся, інструктажы самастойна не праводзілі. Дый разлічваць на іх нельга было.

– Чаму?

– Жудасная неарганізаванасць камандавання ЛНР, праз якую вельмі шмат людзей яны адпраўлялі «ў топку». Мясцовыя кідалі блокпасты, як толькі бачылі ворага. Засынаеш на пераходзе паміж двума блокпастамі, а раніцай бачыш, што аднаго няма, разбегліся. Гэта і цяпер распаўсюджана.

– Загінулыя пскоўскія дэсантнікі былі ў згаданым вамі зводным атрадзе?

– Я не хачу адказваць на гэтае пытанне.

– Хто датычны да гібелі рэйсу MH-17?

– Калі я скажу, то мяне потым ужо стоадсоткава вылічаць, знойдуць.
Баявік ДНР трымае цацку з багажу на месцы крушэння МН-17 летам 2014, фота «Reuters»

Баявік ДНР трымае цацку з багажу на месцы крушэння МН-17 летам 2014, фота «Reuters»



«Сярод беларусаў у «Вагнэра» трапляліся і былыя супрацоўнікі КДБ»

– Як вы ўладкаваліся ў ПВК Вагнэра?

– Першы раз ад «Вагнэра» я трапіў на Данбас у снежні 2014 года. Яшчэ летам тым, хто быў у зводным атрадзе, прапанавалі пайсці да Вагнэра і мы пагадзіліся. Увесь «звадняк» туды сышоў. Ужо ў ліпені мы ведалі далейшы план дзеянняў. У кастрычніку я прыехаў на два тыдні дадому, каб адпачыць, а потым – на базу ў Молькіна. У той час яна выглядала як пляцоўка з баракамі, усю інфраструктуру адбудавалі потым, у пачатку 2016 года, калі пачалося актыўнае ўліванне капіталу ў ПВК.

Распарадак дня і фізічныя трэнаванні ў Молькіна больш жорсткія, чым у звычайным войску. Адметна, што каб туды патрапіць, трэба быць яшчэ і з мазгамі. Трэба разумець, што такое субардынацыя.

Я хачу падкрэсліць, ПВК – спецы, а не гарматнае мяса, якое кідаюць ляжаць з аўтаматам у канаве, гэта не добраахвотнікі. Туды сапраўды можна прыехаць і пакінуць свае дадзеныя ў заяве, але чалавека без досведу ўдзелу ў баявых дзеяннях не возьмуць. Гэта можа быць Чачэнія, Данбас або экс-байцы спецпадраздзяленняў кшталту «Віцязь» і «Альфа» (спецназ унутраных войскаў МУС РФ і ФСБ, адпаведна, – заўвага рэдакцыі). Сярод інструктараў таксама шмат людзей з «Альфы».

Пасля падрыхтоўкі ў Молькіна нас раскідалі па кропках. Вайна ішла не пазіцыйная, нам усё даводзілася рабіць вельмі хутка.

– Вы сустракалі самога «Вагнэра», Дзмітрыя Уткіна?

– Мы бачыліся ў тым жа студзені 2014-га ў расейскім памежным горадзе Данецку, перад адпраўкай на заданне. Ніякіх прыватных размоваў не вялі, абмяркоўвалі дзеянні нашага падраздзялення на тым баку (маецца на ўвазе тэрыторыя так званай ЛНР, – заўвага рэдакцыі)
Камандзір ПВК Вагнэра Дзмітрый Уткін (крайні справа) на прыёме ў Крамлі, фота з сацыяльных сетак

Камандзір ПВК Вагнэра Дзмітрый Уткін (крайні справа) на прыёме ў Крамлі, фота з сацыяльных сетак


– Ці існуе нейкая працэдура афіцыйнага працаўладкавання ў ПВК?

– Ёсць кантракт з дакладна акрэсленымі пунктамі і падпіска аб неразгалошванні. Забіраць усе цывільныя дакументы, выдаюць жэтон. Медычная страхоўка адсутнічае, але прадугледжаная кампенсацыя сям’і за гібель, прыкладна 2 мільёны рублёў. Дарэчы, ніякія падаткі ад заробку не аплачваюцца.

– І колькі атрымлівалі байцы «Вагнэра» за аперацыі на Данбасе?

– Ад 100 да 350 тысяч – заробак шараговага спецыяліста ў залежнасці ад складанасці аперацыі і месца яе правядзення. Больш за ўсё атрымлівала выведка, асобныя разведвальныя батальёны, у прыватнасці за Дэбальцава. Я быў якраз там.

– Ці даводзілася вам сустракаць замежных грамадзянаў у шэрагах ПВК Вагнэра?

– Так, і вашых беларусаў там шмат. Я нават па той бок іх сустракаў. Падчас вылазкі ўзялі ў палон аднаго з «Азова». Сказаў, што ён з Менску. Далей аддалі яго мясцоваму МГБ, бо самі не праводзім допыты. Ці жывы? Адкуль я ведаю.

Што датычыцца «Вагнэра», то двух беларусаў я дакладна там сустрэў, хаця афішаваць біяграфію звычайна не прынята. Увогуле падчас знаходжання на Данбасе бачыў з дзясятак. Нармальныя хлопцы, у асноўным, былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, вайскоўцы.

Каб патрапіць «за бугор», замежнікі не рэгіструюцца на КПП кшталту Ізварына, яны пераходзяць праз раку на мяжы ля расейскага Данецку без афармлення. Такім жа чынам вяртаюцца назад.

– І людзі з КДБ вам трапляліся?

– Канешне.Такія людзі ёсць паўсюдна.
Фота Пётр Шэламоўскі / «Коммерсантъ»

Фота Пётр Шэламоўскі / «Коммерсантъ»



«Перад Дэбальцавым ўлівалі дэзынфармацыю ўкраінскаму камандаванню»

– У якіх аперацыях на Данбасе вы бралі ўдзел у складзе ПВК Вагнэра?

– Дэбальцава, баі пры пасёлку Металіст у ЛНР, суправаджэнне «гумканвояў». Усяго ў ПВК Вагнэра тры задачы: стымуляванне, правакацыі і непасрэдна знішчэнне. Напрыклад, мы маглі ідэнтыфікаваць батарэю праціўніка, захапіць у палон. Спецыялісты іншых расейскіх ПВК, не «Вагнэр», дагэтуль працуюць у зоне судакранання, на мяжы з Украінай. Трэба, каб хтосьці, акрамя арміі ЛДНР яе прыкрываў і арганізоўваў дыверсіі. А хто будзе дыверсіі ладзіць – шахцёр, які летась аўтамат упершыню пабачыў?

Дэбальцава цалкам мы адпрацавалі. Няўжо вы думаеце, што тры шахцёры з рыдлёўкамі маглі нешта зрабіць? Гэта цяпер яны б’юць сябе ў грудзі, маўляў, вялікія воіны, а па факце гэта не так.

Кацёл быў спланаваны загадзя. Украінцаў проста акружылі і размялі ў пух і прах. Задоўга перад тым дыверсійныя групы пачалі ўліваць украінскаму камандаванню «дэзу», у раён Дэбальцава сцягваліся сілы…

– Вы крытычна выказваецеся наконт фармаванняў ЛДНР, кажаце пра неарганізаванасць. З якімі канкрэтнымі праявамі гэтай неарганізаванасці вы сутыкаліся?

– А вы думаеце, выключна ўкраінцы стралялі па «бедных» ЛНРаўцах? Самі па сабе стралялі, блокпасты здавалі. Падчас бою пры Металісце ў групоўцы «Бэтмэна» быў наводчык, які наводзіў кулямёт па компасе. Нашая задача была пад абстрэлам пранікнуць на тэрыторыю ворага і ўзяць «языка». Заходзім на кропку, даем сігнал пачынаць абстрэл і замест украінцаў «Бэтмэн» пачынае абстрэльваць нас – ледзь ногі знеслі адтуль. Хацелася пасля гэтаму цудоўнаму разліку ногі адарваць, але пашкадавалі.
Адзін з камандзіраў баявікоў – Гіві ў Данецкім аэрапорце, фота ria.ru

Адзін з камандзіраў баявікоў – Гіві ў Данецкім аэрапорце, фота ria.ru



Шмат хто з палявых камандзіраў нават не з’яўляўся на пазіцыях. Цяпер гэтыя людзі носяць званні палкоўнікаў, генералаў, а насамрэч не маюць вышэйшай адукацыі, гэта ў найлепшым выпадку ўчорашнія сяржанты. Не ведаюць ні тактыкі, ні стратэгіі. Магу дакладна сказаць, што гібель журналістаў ВГТРК на сумленні батальёну «Зара» і казакоў.

Наагул там вялікая праблема з п’янствам, наркотыкамі. Я сам бачыў, як за гатэлем у горадзе Антрацыт працавала гэтак званая начная крама – пасля 8-й вечара гандлявалі наркотыкамі.

– Назавіце лічбу па стратах у «Вагнэра». Колькі загінулых пад Дэбальцава з ПВК было?

– Каля 40 чалавек. Яшчэ дваіх згубілі ля пасёлка Металіст праз крыварукасць ЛНРаўцаў.

– Ці датычны «Вагнэр» да ліквідацыі Бяднова, Мазгавога і іншых палявых камандзіраў?

– Калі фармаванні робяцца бандфармаваннямі, іх неабходна ліквідоўваць. Гіві і Матарола – персанажы для здымак сюжэтаў, такая актыўнасць вядома чым сканчаецца. А наконт забойства Захарчанкі… Ён быў сур’ёзнай фігурай. Рана ці позна інтарэсы кіраўніцтва ДНР павінны былі разысціся. Калі чалавек не ідзе на саступкі – вынік адзін.

– У гэтым плане Пушылін больш згаворлівы?

– Баюся, яго чакае так і ж лёс. Мне ўвогуле з усёй гэтай браціі больш за астатніх падабаецца Стралкоў. Я быў бы рады бачыць менавіта яго на Данбасе. Мы пазнаёміліся ў траўні 14-га ў Славянску, потым каталі для яго «гуманітарку», цяпер сябруем.

фота «Reuters»

фота «Reuters»



«Вагнэр» першым апынуўся ў Сірыі»

– У Сірыі вы таксама былі ад «Вагнэра»?

– Не, туды я паехаў ужо ад новай кампаніі ў 2016 годзе. Але хачу адзначыць, што «Вагнэр» першым апынуўся ў Сірыі. Тады было мала кадравай расейскай пяхоты, трэба было іх прыкрываць падчас аперацыяў. Прыкрывалі Хмэймім, Пальміру падчас штурму. У расейскіх ПВК былі наступныя задачы: зачыстка, ахова на падыходах да кропкі, дзе будзе бой, стабілізацыя абстаноўкі, калі нешта ідзе не па плане.

– І колькі байцоў ПВК загінулі падчас сірыйскай кампаніі?

– Дакладна не ведаю, але гаворка пра сотню і болей.

– Паводле інфармацыі СМІ, у раёне Дэйр-эз-Зор – загінуў адзін беларус-удзельнік ПВК. Яго звалі Аляксей Ярашэвіч. Вы чулі пра такога?

– Так, мне вядомае гэтае прозвішча, але асабіста яго я не сустракаў.

– Дык чаму ж вы ўсё ж сышлі ад «Вагнэра»?

– Мой актуальны працадаўца плаціць 400 тысяч, а ў «Вагнэра» людзі маюць па 200. Розніца відавочная. Пытанне «презренного металла» ніхто не адмяняў.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць