У траціны пацыентаў з каронавірусам узнікае небяспечны трамбоз

Да 30% пацыентаў, сур'ёзна хворых каронавірусам, дэманструюць прыкметы небяспечнага трамбозу — да такой трывожнай высновы прыйшлі брытанскія медыцынскія эксперты.
Тромбы, якія ўтвараюцца ў крыві, могуць быць прычынай шматлікіх смерцяў. Яны ўзнікаюць у выніку сур'ёзнага запалення лёгкіх, што з'яўляецца натуральнай рэакцыяй арганізма на прысутнасць віруса. Пры гэтым пацыенты ва ўсім свеце пакутуюць ад шматлікіх ускладненняў, выкліканых вірусам, якія могуць стаць прычынай смерці.

У сакавіку, калі пандэмія каронавіруса імкліва набірала ход па ўсім свеце, лекары сталі адзначаць, што прыкметна пачасціліся выпадкі трамбозу. Сярод іншых непрыемных адкрыццяў — сотні мікратромбаў у лёгкіх некаторых пацыентаў, хворых каронавірусам.

«У апошнія тыдні паступала вельмі шмат інфармацыі, і стала відавочна, што трамбоз з'яўляецца вялікай праблемай, — кажа прафесар бальніцы пры Каралеўскім каледжы Лондана Рупен Арыя. — Асабліва гэта тычыцца пацыентаў, якія знаходзяцца ў цяжкім стане, бо апошнія даследаванні паказваюць, што амаль палова такіх хворых пакутуе ад лёгачнай эмбаліі, або крывяных згусткаў у лёгкіх».

Прафесар Арыя мяркуе, што лік сур'ёзна хворых каронавірусам пацыентаў, у якiх утвараюцца тромбы, значна вышэй за 30%, пра якія кажуць афіцыйныя дадзеныя па Еўропе. Група навукоўцаў пад яго кіраўніцтвам у бальнічных умовах даследуе, як каронавірус змяняе кроў пацыентаў, робячы яе больш густой. А густая кроў вядзе да ўтварэння тромбаў. Такія змены ў крыві адбываюцца ў выніку моцнага запалення лёгкіх, якое з'яўляецца рэакцыяй арганізма на на вірус. Паводле слоў спецыяліста па трамбозам прафесара Бэверлі Хант, густая кроў небяспечная не толькі тым, што вядзе да ўтварэння тромбаў — яна таксама павышае небяспеку сардэчных прыступаў і інсультаў.

Выпрабаванні сродкаў, якія разрэджваюць кроў

Да ўсіх гэтых праблемаў дадаецца тое, што сродкі для разрэджвання крыві не заўсёды працуюць. А значнае павышэнне іх дозы здольна прывесці да крывацёку, які можа стаць смяротным. Як кажа прафесар Арыя, неабходна выконваць тонкі баланс паміж лячэннем трамбозу і правакаваннем крывацёку.

На шчасце, медыкі ўсяго свету аб'ядналіся цяпер у пошуку найбольш бяспечнага і эфектыўнага метаду лячэння трамбозу, выкліканага вірусам. Ужо вядуцца клінічныя выпрабаванні аптымальнай дозы медыкаментаў, якія разрэджваюць кроў, якую можна будзе ўжываць паўсюдна.

Тым не менш, некаторыя спецыялісты мяркуюць, што праблему можна вырашыць іншым спосабам: знайсці магчымасць зніжаць вострае запаленне лёгкіх, якое і прыводзіць да ўзнікнення тромбаў.

bbc.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: