У туніскай палітыкі — жаночае аблічча

11 кастрычніка ў арабскім свеце адбылася важная, нават рэвалюцыйная сімвалічная падзея: упершыню кабета стала прэм’ер-міністаркай.
Нажла Будэн

Нажла Будэн

Туніска Нажла Будэн, беспартыйная, інжынерка з доктарскай ступенню ў геалогіі, была прапанаваная прэзідэнтам Каісам Саідам 29 верасня 2021 года ў якасці будучай галавы ўрада краіны. 11 кастрычніка яна прыняла прысягу з чальцамі свайго ўрада перад прэзідэнтам рэспублікі. Такім парадкам, Нажла Будэн стала першай жанчынай на пасадзе прэм'ер-міністра ў Тунісе, а таксама ва ўсім арабскім свеце.

Вялікая прэм’ера і, няма сумневу, гэта таксама вынік «арабскай вясны», «язмінавай рэвалюцыі», у якой туніскія жанчыны прынялі найактыўнейшы ўдзел. Паводле слоў прэзідэнта, прызначэнне жанчыны на гэты пост — «гонар для Туніса і даніна павагі ўсім туніскім жанчынам».

Прысяга прэм'ер-міністаркі на Каране

Яшчэ раней Каіс Саід прызначыў сваім першым дарадцам жанчыну — Надзю Акаша. Такім парадкам, прэзідэнт падхоплівае пасланне бацькі і першага прэзідэнта Туніскай Рэспублікі Хабіба Бургібы, які праводзіў прынцыповую палітыку эмансіпацыі кабет.

Праўда, многія ў апазіцыі баяцца, што новая прэм’ер-міністарка, не абазнаная ў палітыцы, з'яўляецца марыянеткай моцнага прэзідэнта. Іншыя ж бачаць у яе палітычнай неспрактыкаванасці плюс: каб выйсці з палітычнага крызісу, краіне патрэбная свежая кроў, новы чалавек. І першыя крокі Нажлы Будэн дэманструюць смеласць: яна прапанавала на важныя міністэрскія пасады (у Міністэрствы юстыцыі, фінансаў і прамысловасці) таксама жанчын. Яе ўрад быў зацверджаны, і цяпер ва ўрадзе 8 жанчын.

Зрэшты, тое, што менавіта туніска стала першай прэм’ер-міністаркай у арабскім свеце, з'яўляецца ў пэўнай меры чаканым і заканамерным: з 1950-х гадоў Туніс прынцыпова адрозніваецца ад іншых арабскіх краін досыць смелым і нават часам фемінісцкім заканадаўствам (эканамічная і прафесійная свабода жанчыны, забарона палігаміі, свабодны развод, абавязковая сярэдняя адукацыя для дзяўчат і іншыя правы, прапісаныя ў вядомым Кодэксе асабістага статусу, які зацвярджаўся, каб дасягнуць роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі).


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: