У Турцыі за крытыку аперацыі ў Сірыі затрымана каля 200 чалавек

Нязгодных з дзеяннямі Анкары затрымліваюць па абвінавачванні ў «прапагандзе на карысць тэрарыстычнай арганізацыі», паведамляе «Анадолу». У дачыненні да пракурдскай партыі ПДН ужо вядуцца следчыя дзеянні.
У Турцыі, з пачатку ваеннай аперацыі супраць фармаванняў курдаў з групоўкі YPG у Сірыі, за крытыку дзеянняў Анкары затрымана ўжо каля 200 чалавек. У цэлым, 186 чалавек затрымана па абвінавачванні ў «прапагандзе на карысць тэрарыстычнай арганізацыі» ў сацыяльных сетках, паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Анадолу» ў сераду, 16 кастрычніка. У дачыненні да 24 затрыманых абрана мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

Турэцкія органы юстыцыі, гэтак жа, як і падчас папярэдніх ваенных аперацый Анкары супраць YPG у 2016 і 2018 гадах, вельмі сурова распраўляюцца з крытыкамі. Па дадзеных «Анадолу», з пачатку апошняй аперацыі тыдзень таму выяўлена 839 чалавек, якія падазраюцца ў распаўсюдзе «нелегальнага кантэнту ў сацсетках». У дачыненні да пракурдскай Партыі дэмакратыі народаў (ПДН) ужо вядуцца следчыя дзеянні.

ПДН — адзіная палітычная партыя ў Турцыі, якая адкрыта адхіляе ваенную інтэрвенцыю Анкары ў Сірыі. Яна называе ваенную аперацыю «ўварваннем», «агрэсіяй» і «спробай акупацыі». У той жа час саюзная ўраду Партыя нацыяналістычнага руху, а таксама апазіцыйныя Народна-рэспубліканская і Добрая партыі ўхваляюць дзеянні Анкары.

Урад Турцыі лічыць ПДН палітычным крылом забароненай у Турцыі Курдскай працоўнай партыі (КПП), якая падтрымлівае сувязі з YPG.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: