У Варшаве праходзяць масавыя акцыі пратэсту ля будынку Сейма

Актывісты і прыхільнікі апазіцыйнага «Камітэту абароны дэмакратыі» выступаюць супраць бюджэту на 2017 год, а таксама супраць абмежавання свабоды СМІ.

Фота: Agencja Gazeta

Фота: Agencja Gazeta


Пратэсты пачаліся ў пятніцу ўвечары, калі апазіцыя заявіла, што не выпусціць дэпутатаў ад кіруючай партыі «Права і справядлівасць» з будынку Сейма аж да калядных святаў.

Удзельнікі акцыі перакрылі выхад з парламента і толькі пад раніцу 17 снежня паліцыя змагла разагнаць дэманстрантаў.

У пятніцу каля парламента праходзіў пратэст журналістаў недзяржаўных і апазыцыйных СМІ. Яны пратэставалі супраць намеру спікера Сейма абмежаваць доступ журналістаў да тэрыторыі парламента. Пра сваю салідарнасць з журналістамі заявіла і апазіцыя. Міхал Шчэрба, дэпутат партыі «Грамадзянская платформа», выйшаў на парламенцкую трыбуну падчас абмеркавання пытання аб дзяржаўным бюджэце на 2017 год. Палітык размясціў на трыбуне плакат з надпісам «Свободныя медыі ў Сейме». У адказ на гэта спікер выключыў дэпутату мікрафон і пазбавіў яго права голасу, пасля чаго абвясціў перапынак у пасяджэнні.

У перапынку дэпутаты трох апазіцыйных фракцый занялі трыбуну і прэзідыум Сейма, заблакаваўшы тым самым працу парламента. Такая падзея ў польскім Сейме адбылася ўпершыню за апошнія 10 гадоў.

У той жа час партыя ўлады «Права і справядлівасць» сабралася ў Калоннай зале Сейма на пасяджэнне фракцыі, і пазней абвясціла, што атрымала кворум для правядзення пасяджэнняў без апазіцыі. У такім складзе «Права і справядлівасць» прыняла бюджэт Польшчы на наступны год. Прагаласавалі дэпутаты таксама за закон аб памяншэнні пенсіі асобам, якія працавалі ў сілавых структурах камуністычнай Польшчы. Апазіцыя заяўляе, што ў залі, дзе праходзіла галасаванне, кворуму не было, перадае Радыё Свабода.

«Камітэт абароны дэмакратыі» сцвярджае, што не спыніць сваіх пратэстаў, якія пройдуць у выхадныя ў розных гарадах Польшчы.



Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: