У Варшаве распачалося шматтысячнае шэсце

У нядзелю 11 лістапада Польшча адзначае 100 гадоў аднаўлення незалежнасці. Асноўныя ўрачыстасці праходзяць у Варшаве, піша Радыё Свабода.


А 17.00 гадзіне паводле мінскага часу ў цэнтры польскай сталіцы пачалося шматтысячнае шэсце «Для цябе, Польшча».

Штогод 11 лістапада па ідэнтычным маршруце праходзіць Марш незалежнасці. Яго ладзяць праварадыкальныя нацыяналістычныя арганізацыі. Сёлета ўлады краіны дамовіліся з арганізатарамі правесці акцыю разам.

Шэсце 11 лістапада ў апошнія гады часта заканчвалася сутыкненнямі з паліцыяй. У гэтым годзе прэзідэнтка Варшавы забараніла марш, але суд пазней адмяніў яе рашэнне. У выніку нацыяналісты пагадзіліся далучыцца да дзяржаўнага маршу незалежнасці.

Шэсце рушыла ў напрамку Нацыянальнага стадыёну, які месціцца ў правабярэжнай Варшаве. Там мае адбыцца мітынг з удзелам прэзідэнта Анджэя Дуды і прадстаўнікоў ураду.Дзяржаўныя ўрачыстасьці пачаліся ў саборы Божага провіду ў Варшаве. У ім сабраліся прэзідэнт Анджэй Дуда, прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі і лідар кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі. Анджэй Дуда падчас імшы запаліў свечку, падораную Варшаве ў 1867 годзе папам Піем IX, нібыта з жаданнем «запаліць яе, калі Польшча ўжо будзе вольнай».

У Варшаву таксама прыбыў кіраўнік Рады Еўропы, былы прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск. Ён усклаў кветкі да помніка Юзафа Пілсудскага. Разам з ім выступаў яго былы паплечнік і лідар апазіцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Гжэгаж Схэтына. Туск заклікаў пакінуць у баку ў гэты дзень палітычныя канфлікты. У сваю чаргу Схэтына папракнуў урад у тым, што ён адмаўляецца працаваць разам з Еўрапейскім саюзам.

11 лістапада 1918 года маршал Юзаф Пілсудскі, лідар руху за незалежнасць Польшчы падчас Першай сусветнай вайны, прыбыў у Варшаву і абвясціў аб незалежнасці краіны.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!