У Венесуэле падчас пратэстаў супраць прэзідэнта Мадура загінулі мінімум 16 чалавек

У Венесуэле падчас акцый пратэсту супраць дзейнага прэзідэнта Нікаласа Мадура 23 студзеня загінулі па меншай меры 16 чалавек. Пра гэта паведамляе мясцовае выданне La Prensa de Lara.
EPA-EFE/MIGUEL GUTIERREZ

EPA-EFE/MIGUEL GUTIERREZ

Па дадзеных выдання, людзі загінулі ў некалькіх штатах краіны, у прыватнасці ў сталіцы Каракасе.

У той жа час мясцовая арганізацыя «Цэнтр маніторынгу за сацыяльнымі канфліктамі» паведамляе аб 13 загінуўшых. Аднак адзначана, што гэта ахвяры сутыкненняў, асобы якіх удалося пацвердзіць.

Грамадская арганізацыя Foro Penal паведаміла пра затрыманне па меншай меры 43 чалавек падчас пратэстаў у Каракасе і штаце Нуэва-Эспарта.

Напярэдадні ў Каракасе прайшоў шматтысячны мітынг супраць прэзідэнта Нікаласа Мадура. Падчас яго старшыня парламента Венесуэлы, лідар мясцовай апазіцыі Хуан Гуайдо абвясціў сябе часовым прэзідэнтам краіны, паколькі раней парламент прызнаў перавыбранне Мадура на пасаду кіраўніка дзяржавы неканстытуцыйным. Людзі скандавалі «Прэч, Мадура» і «Гуайдо прэзідэнт». Паліцыя ўжыла слезацечны газ для разгону пратэстоўцаў.

Пасля заявы Гуайдо на акцыі пратэсту супраць Мадура выйшлі жыхары іншых гарадоў Венесуэлы. Падчас пратэстаў паміж мітынгоўцамі і сілавікамі адбыліся сутыкненні.

Трамп заявіў, што прызнае Гуайдо новым часовым прэзідэнтам. У адказ на рашэнне Трампа Мадура абвясціў аб скасаванні дыпламатычных адносін з ЗША.

Аб прызнанні новага прэзідэнта заявілі ўлады Калумбіі, Бразіліі, Перу, Аргенціны, Чылі, Парагвая, Эквадора, Панамы, Гватэмалы, Коста-Рыкі і Гандураса.

Аб падтрымцы Мадура выказаліся ўлады Балівіі, Калумбіі і Кубы. Улады Мексікі не заяўлялі аб падтрымцы наўпрост, але заклікалі венесуэльцаў абіраць уладу з дапамогай законных механізмаў. Міністэрства замежных спраў Кітая таксама заявіла аб падтрымцы ўрада Мадура.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Тайіп Эрдаган выказаў Мадура падтрымку, асабіста патэлефанаваў яму і назваў сваім братам, паведаміў у сваім "Твітэры" прэс-сакратар турэцкага лідара Ібрагім Калын.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: