У ЗША пікетавалі беларускае дыппрадстаўніцтва

Каля беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў ЗША ў Вашынгтоне 27 снежня прайшоў пікет пад лозунгам «Не саюзу з Расіяй!», перадае Радыё Свабода. Арганізатарам выступіла «Беларуска-амерыканскае задзіночанне» (БАЗА).

Нягледзячы на калядныя вакацыі, у акцыі прынялі ўдзел больш за дзясятак беларусаў, якія жывуць у ЗША. Удзельнікі пікету лічаць, што НАТА і краіны Захаду не будуць бараніць незалежнасць Беларусі, калі самі беларусы не пачнуць супраціўляцца ціску з боку Масквы.

«Гэты пратэст накіраваны, у першую чаргу, супраць небяспечнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі па паглыбленні інтэграцыі з Расіяй. Пастка, у якой апынулася Беларусь, з'яўляецца вынікам рашэнняў менавіта кіраўніка Беларусі, які за 25 гадоў кіравання зрабіў нашу краіну цалкам залежнай ад Крамля і падпісаў пагадненне, якое з'яўляецца дарожнай мапай па ўваходжанню Беларусі ў склад Расіі», — перакананы дырэктар па палітыцы і сувязях з грамадскасцю БАЗА Валерый Кавалеўскі.

«Пагаршае сітуацыю тое, што адначасова Лукашэнка пазбавіў Беларусь нармальных адносін з краінамі, якія заўсёды хацелі бачыць яе незалежнай, сувэрэннай, дэмакратычнай і паспяховай. У выніку, Беларусь у свеце ўспрымаюць як сатэліта Расіі, няздольнага на самастойную знешнюю палітыку», — падкрэсліў Кавалеўскі.

Раней хваля антырасійскіх пратэстаў з удзелам беларусаў пракацілася па розных гарадах Злучаных Штатаў. Людзі выйшлі на вуліцы Нью-Ёрка, Маямі, Лос-Анжэлеса і Філадэльфіі.

«Беларуска-амерыканскае задзіночанне» (БАЗА) — афіцыйна зарэгістраваная ў ЗША арганізацыя беларусаў, выхадцаў з Беларусі, а таксама людзей, якія эмацыйна, генеялагічна або іншым спосабам зьвязаныя з Беларуссю. Арганізацыя існуе з 1949 года. На сённяшні дзень з'яўляецца найбуйнейшай і самай старой беларускай арганізацыяй у ЗША.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: