У ЗША працягваюцца беспарадкі: у гарадах уводзяць каменданцкую гадзіну

Для падаўлення беспарадкаў у некалькіх штатах ЗША задзейнічалі салдат Нацыянальнай гвардыі. Пратэсты, якія пачаліся ў Мінеапалісе, распаўсюдзіліся па краіне. Паліцыя ўжыла слезацечны газ.
Улады шэрагу амерыканскіх гарадоў увялі каменданцкую гадзіну ў сувязі з пратэстамі, выкліканымі гібеллю афраамерыканца Джорджа Флойда. Да вечара суботы, 30 траўня, падобныя меры былі прынятыя ў Атланце, Лос-Анджэлесе, Сіэтле, Чыкага, Філадэльфіі, Пітсбургу, Мінеапалісе і дзясятках іншых гарадоў.

Пратэсты суправаджаюцца беспарадкамі і сутыкненнямі з паліцыяй. Некаторыя дэманстранты падпальваюць машыны, рабуюць крамы і офісы. Паведамяецца аб пацярпелых як з боку паліцэйскіх, так і з боку пратэстуючых.

Па дадзеных CNN, улады як найменш васьмі штатаў задзейнічалі салдат Нацыянальнай гвардыі або запыталі іх падтрымку, каб здушыць супрацьпраўныя дзеянні і пратэсты. Паводле інфармацыі агенцтва AP, у Філадэльфіі больш за 10 паліцэйскіх атрымалі раненні. Мэр горада падоўжыў каменданцкую гадзіну да 6-й раніцы панядзелка. У Лос-Анджэлесе паліцыя ўжыла дубінкі і гумовыя кулі, каб разагнаць натоўп. У Вашынгтоне незадаволеныя жыхары збіраюцца і пратэстуюць каля Белага дома.

У Мінеапалісе, дзе пачаліся пратэсты, паліцыя ўжыла слезацечны газ. У Тэнэсі 30 траўня ўведзены рэжым надзвычайнага становішча і каменданцкая гадзіна, пасля таго як пратэстоўцы падпалілі будынак суда ў Нэшвіле, сталіцы штата.

25 мая ў Мінеапалісе 46-гадовы афраамерыканец Джордж Флойд памёр пасля таго, як белы паліцэйскі пры падтрымцы трох таварышаў па службе на працягу амаль 10 хвілін ціснуў яму каленам на горла. Усе чацвёра паліцэйскіх звольненыя. Галоўны фігурант затрыманы, яму прад'яўлена абвінавачанне ў забойстве па неасцярожнасці, а ў дачыненні да трох іншых следчыя дзеянні працягваюцца. Гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў сталі прычынай масавых пратэстаў, якія распаўсюдзіліся па ўсёй краіне.

Па дадзеных на вечар суботы, 30 траўня, за пяць дзён паліцыя арыштавала каля 1400 чалавек у 17 амерыканскіх гарадах.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: