У ЗША ўспыхнулі новыя пратэсты пасля гібелі афраамерыканца

20-гадовы цемнаскуры сканаў пасля ранення паліцыянтам. Інцыдэнт адбыўся ў штаце Мінесота непадалёк ад месца, дзе менш за год таму вартавы парадку амаль 10 хвілін душыў каленам Джорджа Флойда.
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У амерыканскім штаце Мінесота ўвечары ў нядзелю, 11 красавіка, адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з праваахоўнымі органамі пасля новага інцыдэнту з гібеллю афраамерыканца ў выніку ранення паліцыянтам. Сотні людзей сабраліся каля паліцэйскага ўчастка ў раёне Бруклін-Сентэр на паўночны захад ад Мінеапаліса, каб выказаць абурэнне ў сувязі з гібеллю 20-гадовага Донці Райта.

Для разгону пратэстоўцаў паліцыя ўжыла гумовыя кулі, слезацечны газ і светлашумавыя гранаты. Не менш за два чалавекі былі параненыя гумовымі кулямі. Некаторыя пратэстоўцы закідвалі камянямі паліцэйскія аўтамабілі. Мэр Бруклін-Сентэра Майк Эліот заклікаў абодва бакі праяўляць стрыманасць.

Гібель Донці Райта

Паводле версіі паліцыі Бруклін-Сентэра, паліцыянты днём 11 красавіка спынілі аўтамабіль, кіроўца якога падлягаў затрыманню на падставе ордэра. Донці Райт пры спробе вартавых парадку затрымаць яго зноў сеў у аўтамабіль і паспрабаваў уцячы. Паліцэйскі параніў Райта стрэлам, аднак аўтамабіль працягваў рух яшчэ некалькі кварталаў, пакуль не ўрэзаўся ў іншую машыну.

Донці Райт памёр на месцы здарэння. Жанчына, якая знаходзілася ў машыне, атрымала траўмы, што не ўяўляюць пагрозы для жыцця.

Інцыдэнт з Донці Райтам адбыўся непадалёк ад месца, дзе супрацоўнік паліцыі Мінеапаліса Дэрэк Шовен у траўні 2020 года на працягу амаль дзесяці хвілін душыў каленам афраамерыканца Джорджа Флойда. Гібель Флойда выклікала масавыя пратэсты супраць расізму і паліцэйскага гвалту па ўсіх ЗША. Шовен у цяперашні час знаходзіцца пад судом па абвінавачанні ў забойстве.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: