У ЗША засталіся без заробку каля 800 тысяч дзяржаўных службоўцаў

Палата прадстаўнікоў ЗША, большасць у якой належыць дэмакратам, прагаласавала ў пятніцу за аднаўленне фінансавання некаторых федэральных агенцтваў, закрытых прэзідэнтам Дональдам Трампам падчас канфлікту вакол пытання аб фінансаванні будаўніцтва муру на мяжы з Мексікай. У пятніцу 11 студзеня прыкладна 800 тысяч дзяржаўных службоўцаў засталіся без заробку, піша Свабода.

Аднак, перспектывы поўнага аднаўлення працы дзяржаўных установаў пакуль імглістыя. Законапраект, прапанаваны ў пятніцу дэмакратамі ў Палаце прадстаўнікоў, быў ухвалены 240 галасамі супраць 179. Гэта дазволіць аднавіць фінансаванне толькі некаторых міністэрстваў, якія не атрымлівалі фінансавання ад 22 снежня 2018 году.

Дональд Трамп, перад перспектывай пагрозы самага працяглага ў гісторыі ЗША закрыцця ўраду, папярэдзіў, што можа абвясціць надзвычайнае становішча на федэральным узроўні для атрымання фінансавання на будаўніцтва памежнага муру. Менавіта мур на мяжы з Мексікай быў ягоным галоўным перадвыбарчым абяцаннем. Аднак дэмакраты ў такім выпадку хутчэй за ўсё пададуць у суд на Трампа, паведамляюць амерыканскія СМІ.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!