У Польшчы адзначаюць Дзень бяздомных

Ён звяртае ўвагу на праблемы тых, хто застаўся без даху над галавой.



14 красавіка ў Польшчы адзначаецца Дзень бяздомных людзей. Гэта неафіцыйнае свята, якое ініцыяваў Марэк Катаньскі — заснавальнік асацыяцыі па лячэнні наркаманіі „Monar” і Руху выходжання з бяздомнасці. Дзень бяздомных ўстаноўлены дзеля таго, каб звяртаць увагу на праблемы тых, хто застаўся без даху над галавой.

Паводле спецыялістаў, прычын бяздомнасці можа быць шмат, у тым ліку алкагалізм, беспрацоўе, распад сям'і, хвароба, канфлікт з правам ці (усё часцей апошнім часам) празмерная запазычанасць у банку.

Людзі без даху над галавой жывуць у асноўным на чыгуначных вакзалах, у тунелях, на лесвіцах і ў скляпах. Асабліва цяжкім перыядам для іх з'яўляецца зіма — у сувязі з нізкімі тэмпературамі. Таму часта, менавіта сярод бяздомных, здараюцца выпадкі замярзання ці ўчадзення.

Аднак бяздомным можа стаць кожны. Некаторым такі сцэнар напісаў лёс, іншыя самі выбралі такое жыццё.

Спадарыня Эва з'яўляецца бяздомнай ужо некалькі месяцаў. Дах над галавой яна знайшла ў прытулку для бяздомных у Кашаліне.

ЭваЯ была хворая, і мне загадалі пакінуць наняты пакойчык. Параілі прыйсці сюды. Я адна, у мяне няма сям’і. Тут не так цяжка, толькі людзі бываюць розныя. Аднак я аптымістка. У мяне ёсць пенсія, так што не ўсё так дрэнна.

У сваю чаргу, спадар Пётр жыве ў хатцы з дошак на ўскраіне горада.

ПётрРаней я жыў у лесе. Нейкія сценкі сабе зрабіў з фольгі. Я там пражываў усю зіму. І выжыў. Скажу так, мне такое жыццё не перашкаджае. Я карыстаюся сацыяльнай дапамогай, час ад часу працую і такім чынам жыву.

Паводле дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі, якое ў 2013 годзе правяло агульнанацыянальную кампанію па падліку бяздомных, у Польшчы бяздомнымі з'яўляецца амаль 31 тысяча чалавек. Дзеля параўнання, трыма гадамі раней іх было на каля 10 тысяч менш.

У сваю чаргу, паводле неафіцыйных дадзеных, бяздомных у Польшчы больш за 300 тысяч чалавек.

Праблема бяздомнасці закранае ў асноўным мужчын. Сярод 30 700 людзей без даху над галавой, мужчыны складаюць да 80 адсоткаў — гэта каля 24,5 тысяч чалавек. Больш за 14 адсоткаў складаюць жанчыны, а больш за 1,5 тысячы — дзеці.

Паводле тых жа дадзеных, маладыя людзі (да 30 году жыцця) складаюць 12 адсоткаў бяздомных. Самая вялікая група — 33 адсоткі — гэта людзі ва ўзросце ад 50–60 гадоў. Самыя старыя, то бок людзі, якім больш за 70 гадоў, складаюць 4 працэнты бяздомных.

Найбольш распаўсюджанай крыніцай іх даходу з'яўляецца сацыяльная дапамога (39 адсоткаў), а таксама пенсія і пенсія па інваліднасці (17 адсоткаў). Крыху больш за 5 працэнтаў бяздомных легальна працуе.

Аказваецца таксама, што аж 580 бяздомных людзей у Польшчы маюць вышэйшую адукацыю — гэта да 2 працэнтаў усіх бяздомных. Аднак найбольш сярод іх (44 адсоткаў) — гэта людзі з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, 33 працэнты — з базавай, а 16 працэнтаў — з сярэдняй.

Бяздомныя людзі жывуць у асноўным у буйных гарадах, у сувязі з большай магчымасцю атрымання даходу, а таксама падтрымкі ад дабрачынных установаў. Менавіта таму большасць бяздомных пражывае Сілезскім, Мазавецкім і Ніжнесілезскім ваяводствах, а менш у такіх ваяводствах, як Падляскае, Свентакшыскае ці Лубускае.

У Польшчы акцыі па падліку бяздомных асобаў праводзяцца кожныя два гады. У гэтым годзе гэткая акцыя пачалася ў студзені і пакуль не закончылася. У ейных рамках супрацоўнікі муніцыпальнай ды дзяржаўнай паліцыі і службаў сацыяльнай дапамогі наведваюць месцы, дзе найчасцей пражываюць бяздомныя асобы, то бок дачныя ўчасткі, закінутыя будынкі, палаткі, вакзалы, прытулкі, начлежныя дамы, шпіталі і турмы.

Аднак, як падкрэсліваюць супрацоўнікі службы сацыяльнай дапамогі, большасць бяздомных адмаўляецца ад прапанаванай дапамогі.

"Цэнтры дапамогі, напрыклад, начлежныя дамы ды прытулкі, ставяць адну ўмову: асобы, якія ў іх знаходзяцца, павінны быць у цвярозым стане. У выпадку бяздомных гэта сур’ёзная перашкода", — кажуць чыноўнікі.

Перапіс бяздомных павінен даць уяўленне, колькі на самай справе ў Польшчы бяздомных асобаў, а таксама колькі ў гэтай групе мужчын, жанчын і дзяцей.

Паводле перапісу бяздомных з 2013 году, 8,5 тысячы бяздомных у Польшчы жывуць проста на вуліцы.

Паводле агульных ацэнак, толькі ў Варшаве пражывае 2,5–3 тысячы бяздомных.

Дзень бяздомных упершыню адзначаўся ў Польшчы ў 1996 годзе.

www.radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: