Уханьскія навукоўцы планавалі заражаць кажаноў каронавірусам яшчэ ў 2018 годзе?

Навукоўцы з Уханя, магчыма, яшчэ ў 2018 годзе падавалі дакументы на ўрадавы грант з эксперыментам па заражэнні кажаноў каронавірусам, паведамляе ВВС.

Фота Getty Images

Каманда следчых Drastic Research сцвярджае, што выявіла дакументацыю 2018 года, згодна з якой навукоўцы з Уханя падавалі на ўрадавы грант з эксперыментам па заражэнні кажаноў каронавірусам.

Drastic, калі верыць сайту арганізацыі, — гэта незалежная каманда навукоўцаў-экспертаў, большасць з якіх працуе ананімна.

З выяўленых імі дакументаў вынікае, што ўсяго за 18 месяцаў да афіцыйнага пачатку пандэміі навукоўцы прапаноўвалі апрацаваць пячоры з кажанамі ў правінцыі Юньнань наначасцінкамі, якія змяшчаюць "бялкі новага гібрыднага віруса" з шэрагу каронавірусаў, якія інфіцыруюць кажаноў.

Мэтай гэтага эксперыменту было даць кажанам імунітэт ад новых каронавірусаў, каб прадухіліць іх патэнцыйны распаўсюд сярод людзей.

Цікава, што аўтарам заяўкі на тэндэр быў не кітайскі навуковец, а брытанскі заолаг Пітэр Дацак з амерыканскай кампаніі EcoHealth Alliance, якая шчыльна працавала з Уханьскім інстытутам. У камандзе навукоўцаў, якія збіраліся ажыццявіць эксперымент, была супрацоўніца інстытута, якая спецыялізуецца на кажанах, а таксама некалькі амерыканскіх навукоўцаў.

Сапраўднасць дакументаў нібыта пацвердзіў былы супрацоўнік адміністрацыі Дональда Трампа — гарачага прыхільніка тэорыі рукатворнасці каронавіруса. Каманда Drastic не ўпершыню спрабуе знайсці сведчанні, якія могуць быць вытлумачаныя на карысць гэтай тэорыі.

У мінулым годзе, напрыклад, эксперты знайшлі ў адкрытых крыніцах згадку 2013 года пра мужчыну, які працаваў у пячорах і заразіўся захворваннем, падобным на вірус SARS (да гэтай жа катэгорыі належыць Covid-19).

У Drastic заклікаюць навуковую супольнасць старанна вывучыць магчымасць таго, што вірус быў спецыяльна распаўсюджаны сярод людзей, бо ў выяўленых дакументах, як сцвярджаецца, планавалася — апроч іншага — заражэнне людзей вірусам у кантраляваных умовах.

У СААЗ, тым не менш, пакуль лічаць тэорыю аб рукатворнасці віруса вельмі малаверагоднай.

Паводле www.bbc.com



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: