Чарнігаў будзе беларускім?

Пра гэта ў эфіры адной з украінскіх радыёстанцый заявіў экс-кіраўнік Следчага кіраўніцтва Службы Бяспекі Украіны (СБУ) Васіль Воўк.

Фота www.facebook.com

Заява была зробленая ў рамках дэбатаў наконт увядзення падвойнага грамадзянства.

На думку былога сілавіка, гэта створыць умовы для таго, каб замежнікі, атрымаўшы пашпарты з трызубам, выкуплялі ўкраінскую ўласнасць. У выніку, паводле яго слоў, Украіна можа страціць некалькі сваіх абласцей. Прычым пагроза тычыцца не толькі Закарпацця або Букавіны, дзе шмат этнічных венграў і румынаў, але і Чарнігаўскай вобласці.

Там, калі верыць Васілю Воўку, і так ужо высокі працэнт уладальнікаў беларускіх дакументаў. «Я гаварыў са сваім былым калегам, які ўсё жыццё там (у Чарнігаўскай вобласці) жыве і нарадзіўся. Кажа: “У нас жа вобласць трохбаковая — Расія, Беларусь і Украіна. Там вельмі шмат людзей нават з беларускімі пашпартамі”... Так урэшце і Бацька скажа: “Слухайце, сябры, ды там, у Чарнігаве, ёсць тры раёны, дзе ўкраінцаў няма — адны беларусы. Давайце я іх забяру ў вас”. А зямля — зямля выкупленая гэтымі беларусамі, якія атрымалі ўкраінскі пашпарт», — сказаў Васіль Воўк.

Нягледзячы на трывожныя заявы Васіля Воўка, наўрад ці яны адаб’юцца на адносінах Мінска і Кіева. Хаця б таму, што значна больш украінскую эліту непакоіць «сепаратызм» балгараў, якія жывуць у Адэскай вобласці. Балгарская грамада пры афіцыйнай падтрымцы Сафіі выступае супраць мясцовай адміністрацыйнай рэформы.

Паводле ўкраінскай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: