Украіна і Славакія прыпынілі пастаўкі нафты з Расіі

Славацкія нафтаперапрацоўшчыкі адмовіліся ад чарговай партыі расійскай нафты, бо ў ёй змяшчаецца хлор і гэтая сыравіна магла б пашкодзіць абсталяванне, піша «Еўрарадыё».

pixabay.com

Славакія ўвечары 25 красавіка прыпыніла прапампоўку расійскай нафты, паведамляе ТАСС. Прычынай стала пагаршэнне яе якасці.

Славацкая кампанія Transpetrol, якая забяспечвае эксплуатацыю нацыянальных нафтаправодаў, зрабіла гэта па патрабаванні найбуйнейшага славацкага нафтаперапрацоўчага прадпрыемства Slovnaft. 

Нафтаперапрацоўшчыкі адмовіліся ад чарговай партыі расійскай нафты, бо ў ёй змяшчаецца хлор і гэтая сыравіна магла б пашкодзіць абсталяванне Slovnaft.

Таксама ўвечары ў чацвер кампанія "Урктранснафта" спыніла транзіт па магістральным нафтаправодзе "Дружба" на ўчастку "Мазыр — Броды".

Раней пра пастаўкі расійскай нафты з павышаным утрыманнем хлору заявілі Беларусь, Польшча і Германія. На Мазырскім НПЗ ад няякаснай расійскай сыравіны сапсавалася дарагое абсталяванне. Страты ад паставак нафты з высокім утрыманнем хлору "Белнафтахім" ацаніў папярэдне ў 100 мільёнаў долараў. Сёння ў Мінску пройдзе нарада з удзелам прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы, прысвечаная гэтай праблеме.

euroradio.fm


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!