Украіна: комік або спявак?

Ва Украіне назіраецца пэўны крызіс палітычнай сістэмы, дзе доўгі час ўсё вырашылі грошы і купленыя СМІ. І раптам высвятляецца, што такая схема не працуе. Апошнія сацыялагічныя даследаванні ва Украіне дазваляюць усур’ёз разглядаць сцэнар, калі прэзідэнтам дзяржавы па выніках выбараў у наступным годзе стане шоўмэн. 

Падчас аднаго з апошніх выпускаў папулярнага ва Украіне шоў «Вячэрні квартал» яго вядучы Уладзімір Зяленскі пажартаваў з нагоды свайго і Святаслава Вакарчука (фронтмэн гурта «Океан Ельзи») удзелу ў выбарах. На сцэне муж і жонка вядуць наступны дыялог: «Сустракаюцца Вакарчук і Зяленскі... У другім туры. Адзін другому кажа: «Вось я стану прэзідэнтам, а ты ў мяне на інаўгурацыі выступаць будзеш». А той яму адказвае: «Не, гэта я стану прэзідэнтам, а ты ў мяне будзеш выступаць».

У гэтым жарце прысутнічае элемент праўды. Вынікі апошняга апытання саліднага Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі (КМІС) выявілі некалькі сенсацыйных тэндэнцый — найбольш пазітыўныя ацэнкі ва Украіне імкліва атрымліваюць эстрадныя фігуры. Гаворка пра ўсё таго ж камічнага акцёра Уладзіміра Зяленскага і рок-музыку Святаслава Вакарчука.

Больш за тое, у спіну Вакарчуку і Зяленскаму дыхае бізнесовец Вадзім Рабіновіч, які зрабіў сабе імя як ды-джэй праграмы, дзе ахвотна распавядае адэскія анекдоты. Таксама ў групе лідараў — кіраўнік Радыкальнай партыі Алег Ляшко, які мае сталы імідж палітычнага клоўна. То бок, за выключэннем Юліі Цімашэнка, топ украінскіх палітычных лідараў нагадвае цырк-шапіто.

Сацыёлагі хутка знайшлі прычыну такога феномена. На іх думку, ва Украіне назіраецца пэўны крызіс палітычнай сістэмы, дзе доўгі час ўсё вырашылі грошы і купленыя СМІ. І раптам высвятляецца, што такая схема не працуе. Людзям патрэбныя новыя твары. Ва ўмовах дэфіцыту новых правадыроў расце народны давер да зусім не чаканых кандыдатаў, паколькі яны — пры ўсёй экстравагантнасці — выглядаюць больш сумленнымі за палітыкаў.

Прычым запыт на новых палітыкаў такі моцны, што палітолагі дапускаюць варыянт, калі Вакарчук і Зяленскі сапраўды сустрэнуцца ў другім туры. «Магчымасць такога сцэнару складае каля 30 працэнтаў», — кажа вядомы ўкраінскі палітолаг Руслан Бортнік. Адначасова ў выданні «Дзекало Тиждня» пішуць, што сацыёлагі ўжо нават змадэлявалі дуэль Вакарчук — Зяленскі ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. У такім выпадку перамагае Зяленскі, аднак з вельмі маленькім адрывам.

А вось палітыкам старой фармацыі яўна не ўтульна ад апошніх навін сацыёлагаў. Яны і афіліяваныя з імі медыя актыўна атакуюць Зяленскага і Вакарчука. Звяртаюць увагу на тое, што ані Вакарчук, ані Зяленскі не маюць нейкай палітычнай структуры, а ва ўкраінскіх умовах вельмі важна адсачыць, каб твае галасы банальна не скралі. Прыгадалі ім і адсутнасць вопыту ў дзяржкіраванні, а таксама папярэднія супярэчлівыя ўчынкі. Напрыклад, гісторыю Вакарчука, які ў свой час паклаў дэпутацкі мандат на стол са словамі: «Палітыка — не маё». Што тычыцца Зяленскага, то яго шоў «95 квартал» прапісана на канале «1+1», які фінансуе алігарх Ігар Каламойскі. То бок, Зяленскі — не аўтаномны кандыдат, і нават можа быць выкарыстаны алігархам для гандлю з іншымі патэнцыяльнымі кандыдатамі ў прэзідэнты.

Самы цікавы тэзіс праціўнікаў палітычнай эстрады наступны: выбар на карысць Вакарчука або Зяленскага — гэта выбар за «Парашэнку нумар два». Маўляў, ані артыст, ані музыка ў выпадку абрання на пасаду прэзідэнта не адмовяцца ад сваёй прафесійнай дзейнасці. Такім жа чынам, як Пётр Парашэнка, калі апынуўся на Банкавай (кіеўская вуліца, дзе знаходзіцца офіс адміністрацыі прэзідэнта), не адмовіўся ад бізнесу.

Аднак пакуль усе піяр-атакі на палітыкаў ад эстрады не маюць асаблівага ККД. Больш за тое, у інфармацыйным полі ўсё больш плётак, што куратарам Вакарчука выступае Захад. Напрыклад, на мінулым тыдні кампілярны тэкст пра коміка і артыста апублікаваў уплывовы амерыканкі часопіс «Bloomberg» з наступным рэзюмэ: «Больш за ўсё ўкраінцы цэняць добры імідж, і таму будуць падтрымліваць тых кандыдатаў, якіх яны лічаць сумленнымі і незалежнымі. Прафесіяналізм і палітычны вопыт кандыдатаў не маюць значэння».

Удзел амерыканскага істэблішменту ў праекце «ўкраінскі Макрон» (такі імідж, падаецца, ствараюць Вакарчуку) тлумачаць тым, што Захад не задавальняе «карупцыйная суверэннасць» украінскай улады. Праўда, іншыя кажуць, што праз хаос у амерыканскай эліце і канфлікт паміж ЕС і ЗША «адзі­нага кандыдата ад Захаду» на выбарах 2019-га не будзе.

На фоне інтарэсу да Зяленскага і Вакарчука гучаць і асцярожныя рэплікі. Маўляў, мода на артыстаў — не што іншае, як пераход на новы этап папулізму, калі на змену гандлярам ідуць блазны і скамарохі, за якімі стаяць канкрэтныя алігархі. Аднак на такія заўвагі асаблівай увагі не звяртаюць. Большасць гатовая галасаваць за любую альтэрнатыву.

Дарэчы, гэты настрой перадае і згаданая ў пачатку артыкула мініяцюра «Вячэрняга квартала». У выніку спрэчкі муж і жонка прыходзяць да думкі: «Усё роўна, хто будзе на інаўгурацыі прэзідэнтам, Вакарчук або Зяленскі, — галоўнае, каб пасля інаўгурацыі было, як у нас у сям’і: перыяд кветак і цукерак застаўся ў мінулым». Гэта яўны намёк, што Парашэнка, які мае кандытарскі бізнес, прэзідэнтам быць не павінен.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: