Украіна. Мацюкайцеся на здароўе!

Самую цікавую думку агучыў Пётр Парашэнка: забарона мацюкоў не дазволіць украінцам публічна напяваць вядомы матыў «Пуцін — … Ла-ла-ла-ла».

Адпаведны камітэт украінскай Вярхоўнай Рады вырашыў не дапускаць на разгляд дэпутатаў скандальны законапраект пра «дэмацюкізацыю», які прапанавала Вольга Багамолец — доктарка, кіраўніца медыцынскай службы на Майдане. Багамолец мяркуе, што «дэмацюкізацыя» дазволіць стварыць здаровую атмасферу ў грамадстве. 

Прапанова рэанімавала старую спрэчку паміж лінгвістамі наконт таго, ці існуе ўкраінская нецэнзурная лексіка. Некаторыя кажуць, што ўкраінскія нецэнзурныя словы выключна запазычаныя з рускай мовы. Іх апаненты ў адказ згадваюць вельмі вульгарны па змесце казацкі ліст да турэцкага султана 1676 года. 

Гэтым разам да лінгвістаў далучыліся і палітыкі. Самую рэзанансную заяву зрабіла Ульяна Супрун, якая цяпер адказвае за медыцыну. Супрун, якая, дарэчы, лічыцца нацыяналісткай, заявіла, што мацюкі дапамагаюць пазбегнуць інфарктаў. 

Аднак самую цікавую думку агучыў Пётр Парашэнка. Ён раскрытыкаваў Вольгу Багамолец, паколькі забарона мацюкоў не дазволіць украінцам публічна напяваць вядомы матыў «Пуцін — …ло! Ла-ла-ла-ла». 

Так ці інакш, ідэя «дэмацюкізацыі» не прайшла. У тым ліку таму, што Вольга Багамолец патрабавала, каб урад апублікаваў на старонках урадавай газеты спіс словаў і выразаў, якія трапляюць пад забарону.

Паводле ўкраінскай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!