Украіна. Сянцоў ідзе ў палітыку?

Алег Сянцоў — крымскі рэжысёр, асуджаны ў Расіі на 20 гадоў і нядаўна вызвалены ў рамках абмену вязнямі паміж Расіяй і Украінай, можа падацца ў вялікую палітыку. На гэтую тэму спекулююць украінскія медыя. 

Віктар Пінчук (злева) вітае рэжысёра Алега Сянцова. Фота: yes-ukraine.org

Падставай сталі цесныя кантакты Сянцова з алігархам Віктарам Пінчуком. Пінчуку ўжо прыпісваюць падтрымку партыі «Голас» спевака Святаслава Вакарчука.

Пасля нядаўніх пазачарговых выбараў у Вярхоўную Раду «Голас» прайшоў у парламент, дзе стварыў фракцыю. Аднак сам спявак адмовіўся яе ўзначаліць, і наогул паводзіць сябе не вельмі актыўна. Нядаўна ён палічыў за лепшае не сядзець у Радзе, а даць вялікі канцэрт у Мінску, выклікаўшы на сябе агонь крытыкі. Відаць, Вакарчуку неабходная замена, якой можа стаць раскручаны ў медыя Сянцоў.

Аднак ёсць адно «але». Супраць Сянцова працуе неадназначная палітычная гісторыя Надзеі Саўчанка. Апошняя дыскрэдытавала саму з’яву, калі чалавек спачатку сядзіць за палітыку ў расійскай турме, а пасля выходзіць на волю і намагаецца ператварыць сваю гісторыю вязня ў палітычны брэнд.

У любым выпадку, нават калі Сянцоў пойдзе ў палітыку, раскручваць яго будуць пад парламенцкія выбары, якія пройдуць не раней чым праз пару гадоў.

Паводле ўкраінскай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!