Украіна: Сярод затрыманых у Беларусі баевікоў могуць быць людзі з падвойным грамадзянствам

Намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што сярод баевікоў ПВК Вагнера, затрыманых у Беларусі, могуць быць людзі з падвойным грамадзянствам.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява




У эфіры Грамадскага радыё намеснік кіраўніка МУС Антон Герашчанка заявіў, што сярод затрыманых у Беларусі баевікоў ПВК "Вагнер" ёсць грамадзяне Украіны — гэта тыя асобы, якія ваявалі супраць Украіны на Данбасе.

«Яны з'яўляюцца злачынцамі і яны паводле заканадаўства Беларусі павінны быць выдадзеныя Украіне для суда, таму Міністэрства ўнутраных спраў патрабуе ад Беларусі выдаць гэтых асоб, каб мы маглі судзіць гэтых людзей за злачынствы супраць нашай краіны.

Паколькі ПВК "Вагнер" — гэта структура, якая з'яўляецца напалову дзяржаўнаю і яна выкарыстоўваецца для прасоўвання расійскіх інтарэсаў на тэрыторыі Украіны, Сірыі, Судане, Лівіі, зразумела, што Расія і іх кіраўніцтва будуць адстойваць гэтых асоб», — кажа Герашчанка.

Таксама ён дадаў, што праз вялікі ўплыў Расіі на Беларусь затрыманыя праз некаторы час могуць будуць адпушчаныя, але Украіна павінна настойваць на сваім, патрабаваць выдаць тых, хто ваяваў супраць Украіны на Данбасе.

«Называлася лічба 9 (затрыманых у Беларусі "вагнераўцаў" з украінскім грамадзянствам — рэд.), але інфармацыю яшчэ правяраюць. Там могуць быць людзі з падвойным грамадзянствам, бо шмат тых, хто здрадзіў інтарэсам Украіны, прымаюць расійскае грамадзянства.

Цяпер праваахоўныя органы Украіны правяраюць інфармацыю, каб мець больш інфармацыі», — кажа Герашчанка.

Намеснік кіраўніка МУС дадаў, што перамовы аб экстрадыцыі затрыманых "вагнераўцаў" працягваюцца і Украіна будзе настойваць на сваёй пазіцыі.

Між тым, Генпракуратура Беларусі сцвярджае, што пакуль не атрымлівала ад украінскіх калегаў якіх-небудзь хадайніцтваў наконт затрыманых на тэрыторыі рэспублікі расіян, паведамілі РІА Навіны ў панядзелак у прэс-службе ведамства.

"Якіх-небудзь хадайніцтваў у дачыненні да затрыманых на тэрыторыі Беларусі супрацоўнікаў ПВК "Вагнер" пакуль да нас не паступала", — сказаў прадстаўнік прэс-службы.

Нагадаем, што 29 ліпеня ў Беларусі паведамілі пра затрыманне пад Мінскам 32 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера. Яшчэ аднаго затрымалі на поўдні краіны.

Праваахоўнікі атрымалі інфармацыю, што на тэрыторыю Беларусі прыбылі больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі сітуацыі ў перыяд выбарчай кампаніі. «Пры сабе расіяне мелі кожны па невялікай ручной паклажы, і на ўсіх — тры вялікія цяжкія валізкі, загрузку якіх у транспартны сродак ажыццяўлялі некалькі мужчын», — гаварылася ў паведамленні.

БелТА апублікавала прозвішчы і даты нараджэння затрыманых, сярод якіх ёсць найміты, якія ваявалі на Данбасе супраць Украіны і ў Сірыі на баку рэжыму Башара Асада.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: