Украіна. УПЦ Маскоўскага патрыярхату пераймянуюць?

УПЦ Маскоўскага патрыярхату назвала закон, які Вярхоўная Рада Украіны прыняла ўчора, 20 снежня, антыканстытуцыйным і заклікала прэзідэнта прымяніць да гэтага закона права вета.

Кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) мітрапаліт Ануфрый (злева) перадае «святы агонь» падчас Вялікоднага набажэнства ў царкве Кіева-Пячэрскай Лаўры, Кіеў, травень 2016 года. Фота EPA / Roman Pilipey

Вярхоўная Рада Украіна прыняла законапраект, якім абавязала Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату ўказваць у сваёй назве прыналежнасць да Рускай праваслаўнай царквы.

Законапраект № 5309 “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” учора, 20 снежня, падтрымалі 240 народных дэпутатаў.

Законапраект абавязвае Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату пазначаць у сваёй поўнай статутнай назве прыналежнасць да рэлігійнай арганізацыі за межамі Украіны — «кіруючы цэнтр якой знаходзіцца ў дзяржаве, якая законам прызнаная той, што ажыццявіла ваенную агрэсію супраць Украіны і часова акупавала тэрыторыю Украіны».

Праектам таксама вызначана: калі на працягу 4-х месяцаў пасля ўступлення закона ў сілу рэлігійная арганізацыя (г.зн. УПЦ МП) не ўнясе адпаведныя змены ў сваю назву і не прадставіць гэтыя дадзеныя ў рэестр, яе статут губляе сілу ў той частцы, дзе патрабуецца яе назва.

Перад галасаваннем за трыбунай выступалі прадстаўнікі розных фракцый. Супраць прыняцця закона выказаўся толькі прадстаўнік фракцыі «За жыццё». Ён адзначыў, што кіраўніком Украінскай праваслаўнай царквы Украіны з'яўляецца мітрапаліт Ануфрый: «Усё астатняе — гэта спекуляцыі».

Спікер Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій назваў рашэнне «гістарычным» і заклікаў дэпутатаў падтрымаць яго. Пасля галасавання за закон паміж дэпутатамі адбылася бойка: дэпутат з “Народнага фронту” Юрый Берэза накінуўся з кулакамі на прадстаўніка “Апазіцыйнага блока” Нестара Шуфрыча.

Шуфрыч пазней назваў бойку ўплывам "д'ябальскіх сілаў". Падчас галасавання было заўважана “кнопкодавство”, распавёў дэпутат. А старшыня парламента Андрэй Парубій не звярнуў увагі на скаргі і адмовіўся ад паўторнага правядзення працэдуры. "Мы паказалі гэта спікеру Парубію і чакалі адэкватнай рэакцыі, згодна з рэгламентам, але ён апеляваў да таго, што яму бліжэй, — д’ябальскіх сілаў... Мабыць, гэты заклік да д’яблаў пачулі асобныя нардэпы з "Народнага фронту", яны пазналі сябе, і гэтыя д’ябальскія сілы ўсяліліся сёння ў асобных дэпутатаў", — сказаў Шуфрыч.



За некалькі гадзін Парубій падпісаў закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” і накіраваў яго на подпіс прэзідэнту.

У УПЦ Маскоўскага патрыярхату назвалі закон антыканстытуцыйным і заклікалі прэзідэнта прымяніць да гэтага закона права вета.

«Прыняты законапраект парушае права на свабоду веравызнання і дыскрымінуе па рэлігійнай прыкмеце мільёны вернікаў — грамадзян Украіны, якія належаць да Украінскай Праваслаўнай Царквы (Маскоўскага патрыярхату. — рэд.), а таксама не адпавядае Канстытуцыі Украіны, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод», — адзначылі ў заяве УПЦ МП.

 

Паводле korrespondent.net; hromadske.ua

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: