Украіна. Выбары. Неспадзяванкі

Вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне здзівілі мясцовых назіральнікаў. З аднаго боку, сацыёлагі прадказвалі, што пройдуць двое: Зяленскі і Парашэнка. Вось толькі ніхто не меркаваў, што разрыў паміж імі будзе настолькі вялікі. Падобна на тое, што спрацаваў фактар надвор’я: на ўчасткі прыйшлі людзі, якія галасаваць звычайна не ходзяць.

Раніцай пасля выбараў

Пётр Парашэнка назваў свабодныя і дэмакратычныя выбары прэзідэнта Украіны 2019 года «тэстам на еўрапейскасць». Пра гэта ён заявіў падчас брыфінгу ў панядзелак раніцай — таксама Парашэнка падзякаваў выбаршчыкам, «якія не засталіся дома». Прэзідэнт заявіў, што ўкраінцы прадэманстравалі, што «з'яўляюцца адказнымі грамадзянамі, якія хвалююцца за будучыню сваёй дзяржавы». Таксама ён падзякаваў украінцам, якія «ўжо зараз цвёрда падтрымалі курс Украіны на ўступленне ў ЕС і НАТА».

«Такой вострай канкурэнцыі, як падчас гэтай кампаніі, у нас не было яшчэ ні на адных прэзідэнцкіх выбарах. Яшчэ ніколі не было такога беспрэцэдэнтна шырокага доступу апазіцыйных кандыдатаў да СМІ. Іншая справа, што выкарыстоўвалі яны яго для таго, каб ліць бруд на апанентаў, — заявіў Парашэнка. — Свабодныя і дэмакратычныя выбары — тэст на нашу еўрапейскасць, на нашу адпаведнасць еўрапейскай палітычнай культуры, цывілізацыйным стандартам Еўрапейскага саюзу. І я перакананы ў тым, што гэты экзамен Украіна сёння здала паспяхова. І паўторыць гэта 21 красавіка».

Па словах кіраўніка кіеўскай паліцыі Андрэя Крышчанкі, галасаванне ў Кіеве прайшло без інцыдэнтаў. У Кіеве восем выбарчых участкаў адкрыліся са спазненнем, але ў цэлым усё прайшло спакойна, без значных парушэнняў. Часцей за ўсё людзі скардзіліся, што не знаходзяць сябе ў спісах выбаршчыкаў.

 

Выбары ў лічбах

Такога доўгага бюлетэня для галасавання на выбарах прэзідэнта ва Украіне не было ніколі — у яго давялося ўключыць 39 кандыдатаў. Першыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне ад ЦВК: па выніках апрацоўкі 41,59% пратаколаў мясцовых выбарчых участкаў: Уладзімір Зяленскі атрымаў 30,20% галасоў, Пётр Парашэнка — 16,67%, Юлія Цімашэнка — 13,13%. Далей ідуць Юрый Бойка — 11,47%, Анатоль Грыцэнка — 7,08%, Ігар Смяшко — 5,94%, Алег Ляшко — 5,11%, Аляксандр Вілкул — 4,21%, Руслан Кашулінскі — 1,65%, Юрый Цімашэнка — 0,6%.

Што цікава, украінцы, якія жывуць за мяжой, прагаласавалі зусім інакш. Па выніках апрацоўкі 86,13% галасоў «замежнай выбарчай акругі», большасць украінцаў за мяжой падтрымалі дзеючага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку — ён набраў 38,23%. Шоўмен Уладзімір Зяленскі ўзяў 26,53% галасоў. Усяго за мяжой працаваў 101 выбарчы ўчастак, у галасаванні (зыходзячы з колькасці падлічаных бюлетэняў) прынялі ўдзел 36 тысяч 713 выбаршчыкаў.

У штабе Уладзіміра Зяленскага журналістам з раніцы паведамілі, што добра ацэньваюць працу ўчастковых выбарчых камісій і нейкіх глабальных прэтэнзій не маюць. А вось прыхільнікі Юліі Цімашэнка звыкла рыхтуюцца пратэставаць і ставіць намёты ў цэнтры Кіева. Хоць гучыць усё гэта неяк не вельмі пераканаўча.

Сам дзень выбараў быў абсалютна летнім: цёплым (+19) і сонечным. Уся перадвыбарчая агітацыя згарнулася яшчэ ў пятніцу, так што ў нядзелю пра выбары нагадваў толькі ўключаны тэлевізар. У Кіеве людзі проста пайшлі на вуліцы — шпацыраваць. Цэнтр горада хутка апынуўся напоўнены людзьмі, таму паліцыя перакрыла Хрэшчацік, зрабіла яго пешаходнай зонай (звычайная практыка на выхадныя ў цёплы час года).


Аднак «пагуляць» для многіх людзей яшчэ не значыла «схадзіць на выбарчы ўчастак». Нягледзячы на інтэнсіўную, на мяжы нервовага зрыву, выбарчую кампанію, вялікага наплыву жадаючых галасаваць не было. Да 15.00 на участках пабывала толькі 45% украінскіх выбаршчыкаў, а да закрыцця ў 20.00 прагаласавала 63,52%. Але і гэта нямала — звычайна яўка на выбарах ва Украіне не перавышае 30–40%. Гэтым разам яўка менш за 60% выбаршчыкаў была зафіксавана ў Данецкай (59,51%), Закарпацкай (46,99%), Луганскай (56,76%), Адэскай (58,44%), Херсонскай (57,65%), Чарнавіцкай (56,07%) абласцях.

Амаль 11 мільёнаў украінцаў наогул не галасавалі. Колькасць унесеных у спіс выбаршчыкаў склала 29 мільёнаў 622 тысяч 821 чалавек. У той жа час бюлетэні на выбарчых участках атрымалі толькі 18 мільёнаў 817 тысяч 656 чалавек.


Дзейны кіраўнік дзяржавы Пётр Парашэнка атрымаў найбольшую падтрымку на захадзе і ў цэнтры краіны, а лідар гонкі — Зяленскі — на ўкраінскіх поўдні і ўсходзе. Дакладней, за Зяленскага аддалі свае галасы 42% выбарцаў паўднёвых і 30,7% усходніх абласцей. Парашэнку найбольш актыўна падтрымліваюць у Заходняй (26%) і Цэнтральнай Украіне (19,5%). Лідара «Бацькаўшчыны» Юлію Цімашэнка больш за ўсё падтрымліваюць на захадзе — 17,8% і ў цэнтры краіны — 17,5%.

 

Кандыдат з тэлевізара

Яшчэ за тыдзень да галасавання многія мясцовыя палітолагі звязвалі будучы вынік перш за ўсё з надвор’ем. Агульны пасыл быў такі: электарат Уладзіміра Зяленскага — гэта моладзь і людзі, якія наогул адмаўляюць цяперашнюю ўкраінскую палітыку, — гэта значыць, тыя, хто або не ходзіць на выбары, або галасуе «супраць усіх». Наадварот, у Юліі Цімашэнка электарат самы дысцыплінаваны — гэта пенсіянеры, якія прыйдуць галасаваць у любое надвор’е.

Выбаршчыкі Пятра Парашэнкі — дзесьці пасярэдзіне. Так што калі б замест цёплага і сонечнага надвор’я ў нядзелю раніцай было б холадна і распачаўся дождж — яшчэ невядома, хто б выйшаў у другі тур разам з дзеючым кіраўніком дзяржавы.

Але цяпер украінцы жартуюць: «Хутка прэзідэнт ва Украіне будзе як у Расіі: маленькі, смешны і Вовачка». Характэрна, што сам Зяленскі хоць не знікае з экранаў тэлевізараў, за ўсю перадвыбарчую кампанію ні разу не з’явіўся ў прамым эфіры — ні ў ток-шоу, ні тым больш у тэледэбатах. Нават на тэлеканале «1+1», які належыць Каламойскаму, яго апошняе інтэрв'ю было запісана і змантавана.


«Усё адно ўсе прагназавалі прыкладна такі вынік, які і атрымалі. Нечаканасцю стаў толькі такі вялікі адрыў Зяленскага. А Цімашэнка прайграла занадта паказальна, каб цяпер аспрэчваць вынікі выбараў на вуліцы. Бучу яна, вядома, падняць можа — але без асаблівага плёну, — сказаў у каментары для НЧ шэф-рэдактар кіеўскага выдання «Дзелавая сталіца» Віталь Піровіч. — А вось у Зяленскага зараз нешта накшталт «галавакружэння ад поспехаў». Ён цяпер не хоча ні з кім дамаўляцца, таму што лічыць, што зможа перамагчы самастойна. Але ў Парашэнкі шанцы ёсць. Ён можа прэтэндаваць на патрыятычна настроены электарат Цімашэнка. Яшчэ яму трэба мабілізаваць выбаршчыкаў Заходняй Украіны і адыграць у Зяленскі цэнтральную частку краіны. Гэта і будзе галоўнай інтрыгай другога тура».

«Cлабое месца Зяленскага — гэта тое, што яму не ўдаецца роля ўкраінскага патрыёта, ды ён і не вельмі спрабуе яе выконваць. Нават украінскую мову ён добра не вывучыў. Зрэшты, менавіта гэта дазволіла яму набраць 30%, — сказаў НЧ украінскі палітычны аглядальнік Юры Вішнеўскі. — Найбольшая падтрымка Зяленскага — у паўднёвых і ўсходніх абласцях. І там ён з лёгкасцю падбярэ электарат адкрыта прарасійскіх кандыдатаў — Юрыя Бойкі і Аляксандра Вілкулы. Але не факт, што гэтага будзе дастаткова Зяленскаму для перамогі ў другім туры».

 

Што будзе далей?

Неафіцыйная інфармацыя з журналісцкіх кулуараў такая: Цімашэнка ў шоку ад вынікаў галасавання. Яна настойвае на тым, каб разыгрываць карту з нібыта фальсіфікацыяй выбараў. Але на самай справе чальцы яе каманды ўжо пачалі перамовы са штабам Зяленскага. Гэтыя два палітыкі, з вялікай верагоднасцю, аб’яднаюць намаганні. Хаця б таму, што ў Зяленскага няма падтрымкі ў Вярхоўнай Радзе, затое яна ёсць у Цімашэнка. А ў кастрычніку — выбары ў парламент.

Для Зяленскага, калі ён паўторыць поспех першага тура і стане прэзідэнтам, будзе прынцыпова важна атрымаць падтрымку ў парламенце, дзеля чаго ён можа пайсці на альянс з Цімашэнка і высунуць яе кандыдатуру на пасаду прэм’ер-міністра.

Што тычыцца Парашэнкі, то пакуль у самога прэзідэнта і яго штаба настрой даволі неблагі. Але зразумела, што яго паліттэхнолагі ўжо думаюць, як у другім туры перамагчы Зяленскага. Пакуль позва другога тура Парашэнка прыкладна такая: «Супраць марыянеткі Каламойскага. Пасмяяліся, і досыць».


Як перадае прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта, раніцай у панядзелак Парашэнка заявіў аб неабходнасці «татальнай мабілізацыі патрыётаў», у першую чаргу на Захадзе і ў цэнтры краіны. «Не варта разлічваць, што перамога ўжо ў нас у кішэні. Каб яе забяспечыць, цяпер, з гэтай хвіліны, нам патрэбна татальная мабілізацыя ўсіх украінскіх патрыётаў. Сама па сабе перамога не прыйдзе. Татальная мабілізацыя ўсіх, хто змагаецца за Украіну, адкінуўшы ўсе палітычныя афарбоўкі, адкінуўшы ўсе крыўды, і можа аб'яднацца. Прыколы скончыліся», — заявіў Парашэнка.

Калі ж казаць пра іншых кандыдатаў: усіх здзівіў нізкі вынік Анатоля Грыцэнкі — нават пасля ўсіх аб’яднанняў з канкурэнтамі. Таксама здзівіў — але з адваротным знакам — былы кіраўнік СБУ Ігар Смяшко. Падобна на тое, што гэта ён адабраў галасы ў іншы «цвёрдай рукі» — Грыцэнкі. І хоць яго прыкладна 6%, на першы погляд, не занадта ўражваюць, але не трэба забываць, што пра персону Смяшко яшчэ пару месяцаў таму ў краіне ўвогуле мала хто ведаў — ён і блізка не ўваходзіў у абойму «першых палітыкаў краіны». Сёння ж, атрымаўшы шостае месца на выбарах прэзідэнта, Ігар Пятровіч нечакана для многіх стаў уладальнікам, калі не «залатой», то як мінімум, «срэбнай акцыі».

Таксама здзівіў высокі вынік Юрыя Бойкі — пры тым, што ў яго было яшчэ два канкурэнты з адкрыта прарасійскай пазіцыяй. А вось Алег Ляшко губляе пазіцыі і выходзіць з моды — канкураваць з Зяленскім у яго не атрымалася. Што характэрна, у сваім гумарыстычным шоу «Вячэрні квартал» і ў камедыйным серыяле «Недатыкальныя» Уладзімір Зяленскі як акцёр звычайна парадзіраваў менавіта Ляшко.


У любым выпадку, пакуль нельга адназначна заяўляць, што Зяленскі выйграў, а Парашэнка прайграў. На самай справе, гэты разрыў лёгка ліквідуецца. Каманда Парашэнкі будзе ствараць інфармацыйныя нагоды, яна перахопіць ініцыятыву — проста таму, што ў яе больш вопыту. І зараз Зяленскаму давядзецца адказваць на выклікі апанента: выходзіць у людзі, паказваць сябе, спаборнічаць у рыторыцы. Гэта гульня з адмабілізаваным і падрыхтаваным супернікам на чужым полі.

Таксама нельга выключыць пэўных кадравых прызначэнняў, якія Парашэнка зробіць, каб забяспечыць ператок на свой бок прыхільнікаў тых кандыдатаў, якія вылецелі ў першым туры. Варыянтаў у яго вельмі шмат. І, як заўсёды, ідыёцкая пазіцыя расійскага боку, якая публічна распісваецца ў падтрымцы Зяленскага, толькі гуляе Парашэнку на руку, збіраючы вакол яго тых, хто не галасаваў за яго ў першым туры. Уся барацьба наперадзе.

Другі тур выбараў адбудзецца 21 красавіка.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: