Украіна пачала рэверс газу са Славаччыны

Украіна і Славаччына адкрылі рэверс газу са Славаччыны ва Украіну.



Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк.
 
 
«Сёння разам са славацкім калегам адкрылі газаправод „Ваяны-Ужгарад“, які забяспечыць рэверсныя пастаўкі газу ва Украіну. Яшчэ паўгода таму мала хто спадзяваўся, што мы сумеснымі намаганнямі зможам атрымаць з Еўрасаюзу да 10 мільярдаў кубічных метраў газу. Гэта вельмі вялікі крок наперад. І мы пераадолелі ўсе і палітычныя, і тэхнічныя цяжкасці, і прадэманстравалі: мы адзіныя, а калі мы адзіныя, то мы моцныя», — напісаў Яцанюк.
 
 
«Мы маем патрэбу адзінства, адзіных падыходаў у палітыцы і эканоміцы, адзіных падыходаў у энэргетыцы. І наша сумесная праца на 100% гарантуе як пастаўкі, так і транзіт газу, калі мы сумесна будзем эксплюатаваць і мадэрнізаваць украінскую газатранспартную сістэму. Таксама наш шлях — гэта дыверсіфікацыя энэргазабеспячэння. І сёння мы дэманструем рэальнасць дыверсіфікацыі. Яшчэ адзін аспект — гэта энэргаэфектыўнасць», — адзначыў прэм’ер Украіны.
 
 
Дзякуючы адкрыццю рэверсу і магчымасці купляць газ у Еўропе, Украіна замясціла 40% газу, які раней купляла ў расійскага «Газпрома», — паведаміла прэс-служба ўкраінскага ўраду.
 
 
З 16 жніўня адкрыўся так званы «малы рэверс» прыроднага газу з тэрыторыі Славаччыны ва Украіну ў тэставым рэжыме. А з верасня ён павінен запрацаваць на поўную магутнасць. Аднак «малы рэверс» не дазваляе Украіне скарыстаць славацкі маршрут на ўсю моц, каб цалкам пазбыцца газавай залежнасці ад «Газпрома». Такую магчымасьць дае Украіне так званы «вялікі рэверс». Аднак яго адкрыццё блакуе «Газпром», які мае адпаведны кантракт са славацкім бокам, паведамляе УНІАН.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: