Ці працавалі на ФСБ украінскія кінапракатчыкі?

Служба бяспекі Украіны вядзе справу супраць кінапракатчыкаў.


ФСБ «фактычна прымусіла ўласнікаў кампаній» фінансаваць «масавыя беспарадкі на тэрыторыі Украіны», пасяганне на тэрытарыяльную цэласнасць краіны, «дэстабілізацыю палітычнай і эканамічнай сітуацыі».

Кінапракатчыкам ставіцца ў правіну, што праз свае фінансавыя махінацыі яны трапілі на кручок ФСБ і сталіся агентамі расійскага ўплыву. Пра гэта паведамляюць украінскія парталы «Українська правда» і «Укрінформ».

Справай кінапракатчыкаў займаецца Шаўчэнкаўскі суд Кіева. Гутарка ідзе пра кампаніі «В&Н Film Distribution Company», «Ukrainian Film Distribution», «Kinomania», «Volga Ukraine», «Multi Media Distribution», якія з’яўляюцца даччынымі расійскімі прадпрыемствамі. У справе гаворыцца, што разлікі ўкраінскіх пракатчыкаў з расійскімі ўласнікамі мелі сумнеўны характар.

«Указаныя супрацьпраўныя пераразлікі, – напісана ў справе, – не засталіся па-за ўвагай спецслужбаў Расіі, якія на працягу 2014–2016 гадоў фактычна прымусілі ўласнікаў кампаній, якія працуюць на рынку кінапракату Украіны, скіраваць частку сваіх прыбыткаў для фінансавання дзеянняў неўстаноўленых асоб з мэтай здзяйснення масавых беспарадкаў на тэрыторыі Украіны, пасягання на яе тэрытарыяльную цэласнасць, дэстабілізацыі палітычнай і эканамічнай сітуацыі. У сваю чаргу, атрымаўшы фактычную падтрымку спецслужб РФ, уласнікі вышэйазначаных кампаній, выкарыстоўваюцца як агенты ўплыву ва Украіне, дыктуючы ўмовы на рынку кінаіндустрыі ды сабатуюць прасоўванне і паказ украінскіх стужак».

Крымінальная справа супраць кінапракатчыкаў была адкрытая з падачы народнага дэпутата, імя якога ўкраінскія крыніцы не называюць. Пазіцыя кінапракатчыкаў у інтэрнэт-матэрыялах не прыводзіцца.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: