Украінскія пратэстоўцы заблакавалі мяжу з Беларуссю. Што адбываецца?

Бестэрміновая забастоўка уладальнікаў аўто на ўкраіна-беларускай мяжы другія суткі паралізуе аўтамабільны рух. Украінцы патрабуюць адмены закона, што абмежаваў тэрміны знаходжання ў краіне транспартных сродкаў з замежнай рэгістрацыяй.
8 лістапада Вярхоўная рада Украіны прыняла ў другім чытанні законапраект аб так званых «еўрабляхах» — № 8488 «Аб унясенні змяненняў у Мытны кодэкс Украіны і некаторых заканадаўчых актаў Украіны адносна ўвозу транспартных сродкаў на мытную тэрыторыю Украіны». Законапраект прапісвае штрафы за парушэнне тэрміну знаходжання аўто з замежнай рэгістрацыяй у рэжыме транзіту.

Уладальнікі такіх машын, а іх ва Украіне толькі па афіцыйных дадзеных каля 3 млн, патрабуюць адмяніць рашэнне. Грамадская арганізацыя «Аўта Еўра Сіла» праводзіць акцыю грамадзянскага непадпарадкавання ў 46 гарадах Украіны. З 19 лістапада актывісты перакрываюць дарогі па ўсёй Украіне ў тым ліку і на памежных пунктах пропуску, паведамляе tut.by.

Сёння ўдзень на пункце пропуску «Новыя Ярылавічы», што на мяжы з Беларуссю, сабралося каля 200 фур, перадае сайт abw.by

«Захраснуў у пункце пропуску «Новыя Ярылавічы» на ўкраінскім тэрмінале на ўезд ва Украіну. Стаю ўжо двое сутак — аформіў дакументы яшчэ ўчора і не магу ўехаць. Грузавікі не пускаюць, астатнія пакуль едуць. Вялікагрузаў сабралася каля двухсот, з украінскага боку чарга з фур расцягнулася кіламетры на два да вёскі Новыя Ярылавічы, на нейтральнай тэрыторыі — ад шлагбаўма да шлагбаўма ...», — прыводзіць выданне словы аднаго з кіроўцаў.

Па яго словах, на ўкраінскім баку мяжы сабралося каля 50 машын «еўрабляхераў» з шынамі і сцягамі.

Зрэшты, сёння ўдзень рух на мяжы ўсё ж адкрыўся.

У той жа час актывісты пратэсту пікетавалі Вярхоўную Раду Украіны, пасля чаго вырашылі прыпыніць акцыю.

Пра гэта паведаміў  кіраўнік арганізацыі «АўтаЕўраСіла» Алег Ярашэвіч.

«Зараз мы вымушаныя прыпыніць нашу акцыю пад сценамі Вярхоўнай Рады. Няма сэнсу стаяць і ў абласцях на дарогах. Дарэчы, хачу сказаць, што ні адна траса ня перакрывалася цалкам. Было толькі абмежаванне руху», — сказаў ён.

Дзяржпагранкамітэт Беларусі папярэджвае кіроўцаў аб цяжкасцях руху транспарту на аўтамабільнай дарозе спалучэннем Чарнігаў — Новыя Ярылавічы (М-01) і рэкамендуе выбіраць альтэрнатыўныя маршруты руху.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!