Улады Буркіна-Фасо: тэрарысты забілі 17 чалавек у рэстаране

Аблога рэстарана, па афіцыйных дадзеных, яшчэ працягваецца.

Паліцыя на месцы нападу ў Уагадугу. Фота REUTERS

Сямнаццаць чалавек загінулі і яшчэ восем пацярпелі ў выніку "тэрарыстычнага нападу" ў сталіцы Буркіна-Фасо Уагадугу, паведаміў урад заходнеафрыканскай дзяржавы.

Па словах відавочцаў, трое ўзброеных людзей адкрылі агонь па наведвальніках, якія сядзелі на вуліцы перад гатэлем і рэстарацыяй.

Міністр па камунікацыях Буркіна-Фасо Рэміс Данджыну паведаміў, што трое нападнікаў забітыя сіламі бяспекі. Пры гэтым пакуль не зразумела, колькі было тых, хто нападаў.

"Яны заселі ў будынку, на які напалі. Элітныя падраздзяленні вядуць спецаперацыю", — дадаў міністр.

Армія ачапіла цэнтр сталіцы; амбасада ЗША ў Уагадугу рэкамендавала сваім грамадзянам пазбягаць гэтага раёна.

У студзені мінулага года джыхадзісты напалі на кафэ непадалёк адсюль і забілі 30 чалавек.

Ёсць асцярогі, што і новы напад — гэта справа рук баевікоў аднаго з адгалінаванняў "Аль-Каіды", якія дзейнічаюць у Сахеле — рэгіёне на поўдні Сахары, адзначае карэспандэнт ВВС Алекс Дзювал-Сміт.

Страляніна пачалася неўзабаве пасля 21:00 па мясцовым часе на ажыўленым Праспекце Кваме Нкрумы. У цэнтры падзей, як відаць, знаходзіліся гатэль "Брава" і рэстаран “Aziz Istanbul”.

У выніку страляніны загінулі 17 чалавек, іх грамадзянства пакуль не пацверджана, паведамляе агенцтва “Франс прэс” са спасылкай на заяву ўрада.

У адной з бальніц распавялі, што адзін з загінулых — грамадзянін Турцыі.

На гэтай жа вуліцы ў іншым кафэ і гатэлі ў студзені 2016 года былі захопленыя ў закладнікі 170 чалавек. 30 з іх у канчатковым выніку загінулі. Адказнасць за гэты напад ўзяла на сябе "Аль-Каіда".

Буркіна-Фасо мяжуе з Малі, дзе з 2012 года дзейнічаюць узброеныя ісламісты.

Паводле ВВС


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: