Улады Эквадора пагадзіліся на ўмовы пратэстоўцаў

Улады анулююць адмену дзяржсубсідый на паліва і эканамічныя рэформы. Пратэстоўцы спыняюць акцыі. У выніку пратэстаў у краіне загінулі сем чалавек.

Улады Эквадора вырашылі адмяніць указ аб адмене субсідый на паліва, з-за якога пачаліся масавыя пратэсты.

У адказ пратэстоўцы пагадзіліся спыніць акцыі непадпарадкавання.

"Абодва бакі дамовіліся пра падрыхтоўку новага ўказа, які адмяняе ўказ 883. З гэтым пагадненнем мабілізацыя пратэстоўцаў заканчваецца", — паведаміў прадстаўнік ААН у Эквадоры Арно Пераль.

Пратэсты ў Эквадоры працягваюцца з пачатку кастрычніка. Іх справакаваў указ прэзідэнта Леніна Марэна пра адмену дзяржсубсідый на паліва і эканамічныя рэформы.

Пратэстоўцы блакавалі дарогі, радовішчы нафты і доступ да аэрапорта Кіта, парушылі працу шматлікіх прадпрыемстваў, бралі ў закладнікі паліцэйскіх. Падчас антыўрадавых пратэстаў загінулі 7 чалавек і 1340 былі параненыя. Ад пачатку пратэстаў 3 кастрычніка быў затрыманы 1121 чалавек. У МУС Эквадора паведамілі, што за час пратэстаў параненыя не менш за 86 паліцыянтаў.

Прэзідэнт Эквадора абвясціў рэжым надзвычайнага становішча і перанёс сваю штаб-кватэру са сталіцы ў горад Гуаякіль.

Паводле korrespondent.net


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: