Улады Літвы і Латвіі абмеркавалі нелегальную міграцыю з Беларусі

Умацаванне межаў Еўрасаюза ў сувязі з ростам нелегальнай міграцыі з Беларусі стала адным з пунктаў парадку дня візіту ў Латвію прэмʼер-міністра Літвы Інгрыды Шыманітэ, паведамляе Свабода са спасылкай на БелаПАН.
Інгрыда Шыманітэ, racyja.com

Інгрыда Шыманітэ, racyja.com

«Мы асабліва занепакоеныя (...) нелегальнай міграцыяй праз мяжу з Літвой, арганізаванай з ведама або нават з дапамогай рэжыму. Калі беларускі рэжым выкарыстоўвае нелегальных мігрантаў як зброю і сродак ціску на ЕС, гэта парушэнне не толькі міжнародных нормаў, але і асноўных прынцыпаў гуманізму», — заявіла Шыманітэ.

Кіраўнік ураду Літвы падзякавала свайму латвійскаму калегу Крышʼянісу Карыншу за хуткую рэакцыю ягонай краіны на «угон грамадзянскага самалёта беларускім рэжымам».

«Толькі адзіная пазіцыя дэмакратычнай міжнароднай супольнасці і паслядоўны ціск могуць даць выразны сігнал рэжыму, што няма іншага шляху, акрамя як пакласці канец рэпрэсіям супраць уласных грамадзян і нападкам на ЕС», — лічыць Шыманітэ. Яна выказала заклапочанасць катаваннямі і павелічэннем колькасці палітвязняў у Беларусі.

Прэмʼер-міністр Літвы адзначыла важнасць адзінага падыходу дзвюх краін да Беларускай АЭС:

«Астравецкая АЭС небяспечная, і электраэнэргія, якая вырабляецца на ёй, не павiнна паступаць на рынак ЕС. Для мяне важна пераканацца, што ў нас няма розных палітычных пазыцый. А тэхнічныя пытанні ў найбліжэйшы час абмяркуюць энэргетыкі».

ЕС павінен быць гатовы падтрымаць умацаванне сваёй знешняй мяжы з Беларуссю, гэта важна не толькі для бяспекі рэгіёну, але і для ўсяго ЕС, заявіла спікер Сейму Латвіі Інара Мурніеце на сустрэчы з Шыманітэ.

Па словах Мурніеце, эканамічныя санкцыі ЕС супраць Беларусі павінны быць уведзеныя як мага хутчэй, у той жа час неабходна падтрымліваць права людзей свабодна выказваць свае погляды, а таксама працягваць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці, падкрэсліла яна.

11 чэрвеня ў Вене на сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Себастыянам Курцам Інгрыда Шыманітэ заявіла, што паток нелегальных мігрантаў з Беларусі ў Літву дасягнуў гістарычнага максымуму.

Па словах Шыманітэ, беларускі рэжым нядаўна паабяцаў напоўніць Еўропу нелегаламі.

БелаПАН нагадвае, што 26 траўня ў беларускіх праўладных телеграм-каналах з'явіліся паведамленні, як сцвярджаецца, з асобнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з дэпутатамі абедзвюх палатаў Нацыянальнага сходу, членамі канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання. У прыватнасці было апублікавана паведамленне з ягонай рэакцыяй на дзеянні Захаду: «Лукашэнка: мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх есці і лавіць».

Гэтыя паведамленні былі перадрукаваныя ў телеграм-канале аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў. Са спасылкай на яго адпаведныя навіны апублікавалі некаторыя расійскія і ўкраінскія СМІ. Прэс-служба Лукашэнкі ў расшыфроўцы выступу на ягоным сайце такіх заяў не прыводзіла. Не было іх і ў паведамленнях дзяржаўных СМІ.

На гэтым жа мерапрыемстве міністр замежных спраў Уладзімір Макей паведаміў: «Мы вымушаныя і будзем жорстка рэагаваць на любыя недружалюбныя крокі ў наш адрас. Мы разглядаем магчымасць прыпынення ўзаемадзеяння з ЕС па пытаннях барацьбы з нелегальнай міграцыяй, аргзлачыннасцю, забеспячэння ядзернай бяспекі».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: