Улады Турцыі адхілілі ад працы яшчэ 15 тысяч дзяржслужбоўцаў

Агульная колькасць звольненых або знятых з пасады чыноўнікаў і сілавікоў такім чынам перавысіла 110 тысяч чалавек. Падчас чысткі пацярпелі таксама апазіцыйныя партыі і іх прыхільнікі.

Арышт у Турцыі. Фота GETTY IMAGES


У ходзе чарговай хвалі адставак былі адхіленыя ад пасадаў ці страцілі працу каля 2 000 вайскоўцаў, 7 500 паліцэйскіх, 500 жандараў і каля 5 000 дзяржслужбоўцаў з іншых ведамстваў.

Акрамя таго, у распараджэнні ўладаў гаворыцца пра закрыццё 9 сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку 7 газет, а таксама каля 500 розных арганізацый, у тым ліку 18 дабрачынных.

Колькасць дзяржслужбоўцаў, ваенных і паліцэйскіх, якія страцілі працу або часова звольненых пасля ліпеньскай спробы перавароту ў Турцыі, перавысіла 110 тысяч. Сярод звольненых таксама суддзі, дэканы і выкладчыкі універсітэтаў, ваенныя і журналісты.

З ліпеня гэтага года агулам былі арыштаваныя 37 000 чалавек, у тым ліку журналісты апазіцыйнай газеты “Cumhuriyet”, а таксама яшчэ шэрагу газет, лідары пракурдскай апазіцыйнай "Партыі дэмакратыі народаў". Абмяркоўваецца верагоднасць вяртання смяротнага пакарання для змоўшчыкаў, якія абвінавачваюцца ў датычнасці да перавароту.

Большую частку арыштаваных ўлады вінавацяць у супрацоўніцтве з пражываючым у ЗША прапаведнікам Фетхулой Гюленам, якога турэцкія ўлады лічаць натхняльнікам бунту. Сам Гюлен неаднаразова заяўляў, што не мае дачынення да путчу, і асуджаў спробу перавароту.

У Еўрасаюзе лічаць гэтыя маштабныя чысткі парушэннем правоў чалавека. У пачатку лістапада ў ЕС папярэдзілі, што тое, што адбываецца, рэзка зніжае шанцы Турцыі на ўступленне ў саюз.

Нагадаем, 15 ліпеня група мяцежных ваенных паспрабавала ўсталяваць кантроль над двума найбуйнейшымі гарадамі Турцыі — Анкарой і Стамбулам. Над сталіцай Турцыі па загадзе змоўшчыкаў былі паднятыя ў паветра ваенныя верталёты і самалёты, у горад былі ўведзеныя танкі. Праз некалькі гадзін турэцкія ўлады цалкам аднавілі кантроль над сітуацыяй у краіне.



www.bbc.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: