Упершыню апублікаваныя савецкія арыгіналы пакту Молатава-Рыбентропа

У СССР існаванне сакрэтнага пратаколу да дамовы аб ненападзе адмаўлялася. Ён быў знойдзены ў 1992 годзе і апублікаваны толькі цяпер.
Сайт фонду «Гістарычная памяць» упершыню апублікаваў сканы арыгінальнай Дамовы аб ненападзе паміж Савецкім Саюзам і Германіяй ад 23 жніўня 1939 года і сакрэтнага дадатковага пратаколу да яе. Адпаведная публікацыя з'явілася на сайце 31 траўня. Сканы былі прадастаўлены фонду Гісторыка-дакументальным дэпартаментам МЗС Расіі.

Дамова аб ненападзе змясцілася ўсяго на двух старонках, сакрэтны дадатковы пратакол да яе, які размяркоўваў зоны ўплыву СССР і Германіі ва Усходняй Еўропе, — на паўтары. Сам пакт быў апублікаваны неадкладна пасля падпісання, інфармацыя ж пра дадатковы пратакол трымалася пад грыфам сакрэтнасці, хоць праз кароткі час і прасачылася праз дыпламатычныя колы.

У 1948 году сакрэтны пратакол па фотакопіі германскага арыгінала, які не захаваўся, быў апублікаваны ў зборніку Дзярждэпартамента ЗША «Нацысцкага-савецкія адносіны. 1939 - 1941». У СССР існаванне сакрэтнага пратаколу, які захоўваўся ў архіве  КПСС, катэгарычна адмаўлялася. У 1992 годзе, пасля рассакрэчвання архіва, ён быў знойдзены гісторыкам Дзмітрыем Ваўкагонавым. Вярхоўны Савет і нямецкі Рэйхстаг ня былі азнаёмленыя з тэкстам «Сакрэтнага дадатковага пратаколу», ён не быў ратыфікаваны парламентамі і дэ-юрэ з'яўляўся асабістым пагадненнем Сталіна і Гітлера.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!