Урад ФРГ вырашыў забараніць пластыкавыя пакеты

Забарона не распаўсюджваецца на смеццевыя пакеты, а таксама лёгкія пакеты з таўшчынёй сценкі менш за 15 мікраметраў, якія выкарыстоўваюцца ў фруктова-агароднінных аддзелах магазінаў.
Урад Германіі падрыхтаваў законапраект аб забароне на вытворчасць і выкарыстанне пластыкавых пакетаў з таўшчынёй сценкі менш за 50 мікраметраў. Пра гэта ў сераду, 6 лістапада, заявіла міністр аховы навакольнага асяроддзя і ядзернай бяспекі ФРГ Свенья Шульцэ (Svenja Schulze). Законапраект цяпер паступіць на разгляд у парламент.

Па словах міністра, забарона не распаўсюджваецца на смеццевыя пакеты, а таксама пакеты, якія выкарыстоўваюцца ва фруктова-агароднінных аддзелах магазінаў. Забарона на гэтыя лёгкія пакеты з таўшчынёй сценкі менш за 15 мікраметраў прывяла б да росту адходаў, паколькі ў гэтым выпадку тавар прыйшлося б пакаваць загадзя, патлумачыла Шульцэ.

Біяпластык не экалагічнейшы за звычайны


Забарона закране таксама упакоўкі з так званага біяпластыку. Міністр адзначыла, што падобныя ўпакоўкі ўводзяць спажыўца ў зман. Пластмасы, што вырабляюцца з такіх матэрыялаў, як цукар, бульба ці кукуруза, не абавязкова больш экалагічныя, чым звычайныя пластыкавыя пакеты, у аснове якіх перапрацоўка прадуктаў сырой нафты. Акрамя таго, іх вытворчасць звязана з выкарыстаннем пестыцыдаў і монакультуры, а сам біяпластык дрэнна паддаецца для другаснага выкарыстання.

У цяперашні час у Германіі ў сярэднім выкарыстоўваецца да 20 аднаразовых пластыкавых пакетаў з таўшчынёй сценкі ад 15 да 50 мкм на чалавека ў год. Такім чынам, праз гандлёвыя сеткі ў год праходзіць за 1,6 млрд падобных пакетаў. Мяркуецца, што на замену ім прыйдуць шматразовыя сумкі з пластыка і поліэстэру. Шматразовыя сумкі ўжо з трэцяга выкарыстання больш экалагічныя, чым аднаразовыя пакеты, адзначае агенцтва epd.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: