Трэба ўратаваць карову

Пераслед алкаголікаў, цыган і мусульман, абарона кароў — такія першыя вынікі эксперыменту ў індыйскім штаце Утар-Прадэш. Тут упершыню ў гісторыі Індыі рэгіянальную адміністрацыю месяц таму ўзначалілі радыкальныя прыхільнікі індуізму.


У свой час Уладзімір Высоцкі весела спяваў: «Хорошую религию придумали индусы». З улікам таго, што цяпер адбываецца ў штаце Утар-Прадэш, тая песня Высоцкага сёння ўспрымаецца не так задорна.

У сакавіку ў штаце да ўлады прыйшла «Бхаратыя джаната парты» (BJP), якая заклікае будаваць краіну на каштоўнасцях індуісцкай рэлігіі. Перамогу BJP разглядаюць як малую рэвалюцыю не толькі таму, што Утар-Прадэш з 200 мільёнамі насельніцтва — ключавы штат у індыйскай палітыцы. Фішка ў тым, што на пасаду губернатара кіраўнік партыі і прэм’ер краіны Нарэндра Модзі прызначыў асобу, якую ўчора ўсе трымалі за абсалютнага маргінала.

Новы кіраўнік Утар-Прадэш Ёгі Агіцьянан — асоба больш чым яскравая. Гэты 44-гадовы служка мясцовага індуісцкага храма ніколі не адрозніваўся пакорлівасцю, якая мае быць уласцівая манаху. У актыве новага губернатара не менш за дзясятак крымінальных спраў, у тым ліку абвінавачванні ў спробе забойства, закліках да масавых беспарадкаў і гэтак далей. «Калі мусульманін заб’е аднаго індуіста, мы забярэм у іх сто жыццяў», — казаў ён. «Калі адна індуісцкая дзяўчына выйдзе замуж за мусульманіна, дык мы возьмем сто мусульманскіх дзяўчат у адказ», — казаў у адной са сваіх прамоў Агіцьянан.

Да нядаўняга часу Модзі і яго атачэнне трымалі дыстанцыю ад такой публікі, аднак цяпер нечакана далі ім карт-бланш.

Першым адчулі перамены мясцовыя мусульмане. Дэпутаты ад BJP адкрыта заклікаюць пазбавіць мусульман юрыдычнага статусу меншасці і ўсіх адпаведных ільгот, а таксама заканадаўча абмежаваць нараджальнасць у мусульманскіх сем’ях. І нават прапануюць забараніць вернікам хадж у Мекку.

Пасля індуісты прайшліся па цыганах: супрацоўнікі нядаўна створанага Дэпартаменту па барацьбе з сексуальнымі гвалтаўнікамі пачалі іх актыўна затрымліваць і кідаць за краты. Чаму пад паліцэйскі хапун трапляюць выключна цыгане, застаецца загадкай. Пацярпелі ад індуістаў і аматары «зялёнага змія» — праз забарону продажу алкаголю.

Аднак найбольш рэзананснай аказалася кампанія ўраду Утар-Прадэш у абарону кароў. Праводзячы ў жыццё індуісцкі пастулат пра сакральнасць жывёліны, на абарону худобы губернатар мабілізаваў сілавы апарат. Спецыяльныя інспекцыі «кашмараць» увесь бізнес, звязаны з вытворчасцю мяса. Патрулі часам прыстаўленыя нават да кароў, што гуляюць па вуліцах.

У прынцыпе, у большасці штатаў Індыі здзекі і забойствы кароваў і так былі даўно забароненыя (звычайна за такое злачынства пагражае пакаранне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі). Пры гэтым вытворцам мяса той артыкул не пагражаў, паколькі яны выраблялі прадукцыю з буйвалаў.

Аднак BJP раптам аказаліся нецікавыя такія дэталі. Пад соўсам абароны сакральных жывёл зачыняюць усе аб’екты мясной індустрыі. Прычым не толькі ў штаце Утар-Прадэш. BJP сёння кіруе — самастойна або ў кааліцыі з мясцовымі партыямі — у 17 штатах. Пад ціскам мясцовага актыву іншыя секцыі партыі вымушаныя капіяваць тое, што робіць Ёгі Агіцьянан.

Як следства — Індыя на вачах губляе цэлую галіну вытворчасці, дзе працуюць больш за 2,5 мільёны чалавек. Нагадаем, што ў 2014-м па экспарце мяса індусы за кошт нізкіх цэн абагналі нават Бразілію. Аднак значна больш небяспечна тое, што кампанія па выратаванні кароў выклікала адначасовы ўздым ваяўнічага фундаменталізму па ўсёй Індыі.

Так, у штаце Гуджарат 3 красавіка прынялі закон, паводле якога за забойства буйной рагатай жывёлы можна атрымаць пажыццёвае зняволенне. Урад Раджастана — іншага рэгіёну, дзе кіруе партыя Модзі, — паведаміў пра ўвядзенне новай школьнай формы, якая цалкам нагадвае ўніформу сяброў мілітарнай секцыі BJP. Шырокі размах прыняло перапісванне падручнікаў гісторыі, на старонках новых кніг практычна ігнаруюцца такія фігуры, як Джавахарлал Нэру або Махатма Гандзі.

Да выхадак фундаменталістаў можна было б ставіцца як да нейкага кур’ёзу, калі б не дадзеныя апытанняў. Сацыёлагі фіксуюць сталы рост сімпатый да BJP на фоне дзеянняў новага ўраду Утар-Прадэш. З улікам гэтага трэнду і таго, што федэральныя парламенцкія выбары адбудуцца толькі ў 2019-м, наўрад ці Модзі будзе спрабаваць неяк націснуць на губернатара Утар-Прадэш і яго каманду. Жадаючы ўмацаваць сваё лідарства напярэдадні ўсеагульных парламенцкіх выбараў, ён вырашыў сфакусаваць сваё кіраванне на тэмах рэлігіі.

Беручы пад увагу феномен поспеху рэлігійных папулістаў на фоне крызісу дэмакратаў з Індыйскага Нацыянальнага Кангрэса, палітолагі пішуць, што дэмакратычны этап у індыйскай гісторыі фактычна скончыўся. Вядучай ідэалогіяй у краіне будзе нацыяналізм. У будучыні нацыянальныя каштоўнасці для кіраўнікоў Індыі будуць дамінаваць над універсальнымі каштоўнасцямі, у тым ліку і ў галіне правоў чалавека. Прагноз не вельмі аптымістычны — з улікам таго, што, на думку спецыялістаў, краіна да 2050 года зможа абыйсці Кітай па тэмпах эканамічнага развіцця і стаць вядучай глабальнай дзяржавай.

Яшчэ больш выклікаюць асцярогу наступствы ксенафобскіх кампаній ва Утар-Прадэш. Калі рэлігійная напружанасць унутры Індыі ўзмоцніцца, гэта паўплывае на адносіны з мусульманскімі суседзямі Індыі — і перш за ўсё з заклятым геапалітычным ворагам Пакістанам, які, як і Індыя, з’яўляецца ядзернай дзяржавай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: