Урок Мугабэ

Чаму пераварот у Зімбабвэ выклікаў велізарную цікавасць сярод дэмакратаў на постсавецкай прасторы?

Яшчэ ніколі апазіцыя ў краінах СНД не шукала крыніцаў натхнення ў далёкай і экзатычнай Афрыцы. Аднак падобнае захапленне толькі на першы погляд падаецца камічным. Падзеі ў далёкім Зімбабвэ цудоўна даводзяць тэзіс, які сфармуляваў Антон Арэх, аглядальнік «Эхо Москвы»: «Усялякая ўлада рана ці позна заканчваецца. Усялякі валадар аднойчы, так ці інакш, саступае сваё крэсла. І нават рэкорднае па часе кіраванне не доўжыцца бясконца».

Пры гэтым ніхто ў СНД не збіраецца дубляваць учынкі путчыстаў. Казус Зімбабвэ цікавы як ілюстрацыя парадоксу прыроды аўтарытарнага рэжыму. Яшчэ тыдзень таму, падавалася, нічога не пагражала Роберту Мугабэ, чый рэйтынг зашкальваў за 96 працэнтаў. І раптам — літаральна за пару дзён — уся гадамі адбудаваная вертыкаль рухнула. Замест таго, каб абараняць бацьку нацыі ад жаўнераў-путчыстаў, народ пачаў танчыць на вуліцах, святкуючы пераварот.

Наколькі аўтарытарныя краіны Садружнасці наблізіліся ў сваёй эвалюцыі да той крызіснай сітуацыі, якая склалася ў Зімбабвэ, калі ў атачэння кіраўніка дзяржавы папросту здалі нервы? Некаторыя рэаліі Зімбабвэ ў часы Мугабэ сапраўды нагадваюць цяперашнюю сітуацыю ў краінах СНД. Перш за ўсё, гэта салідны ўзрост кіраўніка дзяржавы.

Вельмі важны момант — Мугабэ, як і вялікая колькасць лідараў краін Садружнасці, быў першым кіраўніком дзяржавы, якая атрымала незалежнасць. На гэты момант звяртаюць увагу праціўнікі Назарбаева, чый агітпроп спрабуе легітымаваць аўтакратыю Назарбаева спасылкай на тое, што менавіта Елбасы пабудаваў незалежны Казахстан.

Трошкі падобныя і тэндэнцыі ўнутры класу чыноўнікаў. Як і ў нас, у Зімбабвэ ў дзяржаўным апараце ідзе нефармальная вайна паміж «ветэранамі» і «маладымі тэхнакратамі». У нас першая групоўка прадстаўленая чыноўнікамі з савецкім мінулым, а ў Зімбабвэ гэта былі ветэраны вайны за незалежнасць. Адпаведна, касце «ветэранаў» супрацьстаяць маладзейшыя чыноўнікі, арыентаваныя на заходнія стандарты спажывання. Такой групоўкай у Зімбабвэ быў клан пад кіраўніцтвам жонкі Мугабэ, якая за любоў да раскошы атрымала ў краіне мянушку «Гучы». Раскол кіруючых структур, натуральна, даў магчымасць апазіцыйным партыям дамагчыся поспеху.

 Фота www.rbc.ru

Увогуле, фактар жонкі Мугабэ таксама называюць важнай рэвалюцыйнай прычынай. Шыкоўны лад жыцця і забабоны Грэйс Мугабэ, якая збіралася стаць пераемнікам правадыра краіны, не падабаліся простым людзям. У сувязі з гэтым некаторыя апазіцыйныя медыя ў Расіі сумуюць наконт таго, што ў Пуціна няма другой паловы.

А вось выданне «Аргументы и Факты» лічыць, што прэцэдэнт Мугабэ павінен прымусіць задумацца лідараў дзяржаў, якія залежаць ад вонкавых спонсараў. У варыянце Зімбабвэ такім спонсарам выступаў Кітай, які моцна эканамічна падтрымліваў гэтую афрыканскую краіну.

«Аднак у нейкі момант кітайцы зразумелі, што з лідарам апазіцыі справу мець прасцей, чым з састарэлым Мугабэ, які ўзяў курс на стварэнне сямейнай дынастыі. Узнікла небяспека, што пасля смерці Мугабэ ў краіне распачнецца грамадзянская вайна, здарыцца крывавы хаос, у выніку каласальныя інвестыцыі Кітая ў эканоміку Зімбабвэ апынуцца пад пагрозай», — тлумачыць прычыны перавароту «АиФ».

Як бачым, досвед Зімбабвэ сапраўды дае глебу для роздумаў над лёсам дзяржаў СНД. Аднак і пераацэньваць афрыканскія рэцэпты не трэба. Афрыка мае свае асаблівасці. Як піша брытанская прэса, шматлікія мясцовыя жыхары лічаць, што карупцыя, раскол элітаў, кітайскія інтрыгі і амбіцыйная жонка не былі чыннікамі перавароту. Паводле іх меркавання, рэвалюцыю выклікалі мясцовыя ведзьмакі, якія «сурочылі» гаранта.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць