Чым небяспечныя выбары ва Усходняй Германіі?

Яшчэ ўчора лічылася, што 1 верасня ўвесь свет будзе ўзгадваць юбілей пачатку Другой сусветнай вайны. Аднак, магчыма, топавай падзеяй уік-энду будуць выбары ў дзвюх нямецкіх усходніх землях.

Фота an.info

Галасуюць 1 верасня землі Брандэнбург і Саксонія, візітнай карткай якіх стаў феномен правага папулізму. Прычым, цяпер правыя папулісты нацэліліся на тое, каб выйграць выбары ў абодвух рэгіёнах. І пакуль сацыялогія не аспрэчвае такі варыянт развязкі нядзельнага галасавання.

Якія наступствы можа мець канфуз дэмакратычных сілаў на Усходзе? Перш за ўсё, ён выявіць, напэўна, відавочныя цяжкасці ў працэсе інтэграцыі Германіі. Гэты момант выклікае шмат у каго сапраўдную душэўную траўму. Неўзабаве 30-я гадавіна аб’яднання, а яшчэ ўчора ледзь не вар’ятамі лічыліся тыя, хто ставіў пад пытанне паспяховую інтэграцыю «осі» (мянушка ўсходніх немцаў) і «весі» (заходнія немцы). Сёння амаль усе пагаджаюцца з тым, што працэс аб’яднання пакуль не закончаны, і тут яшчэ спатрэбіцца шмат зрабіць. Праўда, канкрэтных прапановаў асабліва не чуваць. Хіба што можна ўзгадаць забаўную ідэю Левых — увесці квоту для прадстаўнікоў з былой ГДР у дзяржструктурах.

Фатальныя наступствы могуць мець вынікі выбараў для партыі Меркель — Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (CDU), што сёння руліць у Саксоніі і мае другую дэпутацкую групу ў ландтагу Брандэнбурга. Хутчэй за ўсё, у Саксоніі кансерватары застануцца пры штурвале ўлады за кошт новых міжпартыйных камбінацый. Аднак пры гэтым яны могуць шмат страціць і прапусціць наперад «Альтэрнатыву для Германіі» (AfD), якая стане фармальным пераможцам. Такі вынік дакладна паслабіць вагу партыі на федэральным узроўні.

Правал дакладна прыпішуць міністру абароны і фармальнаму лідару партыі Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр, якую Меркель лічыць сваёй пераемніцай. Паколькі гэта будзе ўжо другі пракол кансерватараў пад кіраўніцтвам Карэнбаўэр (першым фіяска сталі травеньскія выбары ў Еўрапарламент), нельга выключыць, што транзіт улады ў кіраўніцтве CDU выкліча шматлікія праблемы.

Яшчэ адна інтрыга — як выбары 1 верасня адаб’юцца на ўнутранай кухні сацыял-дэмакратаў, у якіх зараз у разгары праймерыз на пасаду сустаршыняў. Вынік стопрацэнтна паўплывае на расклад унутрыпартыйнага галасавання. У выпадку правалу эсдэкаў гэта будзе допінгам для кандыдатаў, што выступаюць за як мага хутчэйшы выхад з урадавай кааліцыі з Меркель, што пагражае агульнай дэстабілізацыяй. Вынікі праймерыз будуць вядомыя 26 кастрычніка.

Нельга сказаць, што ў партыі Меркель не разумеюць: стаўкай на выбарах 1 верасня можа стаць лёс кабміну. Таму ў яе выбарчых штабах на месцах касцямі кладуцца, каб прадэманстраваць годны вынік. Каб яго дасягнуць, трэба, у тым ліку, мець адказ на «рускае пытанне».

Праблема нямецка-расійскіх адносін нечакана стала адной з самых важных тэмаў падчас гэтых выбараў, хаця міжнародная палітыка не ёсць кампетэнцыяй ландтагаў і зямельных урадаў. Гэта тлумачыцца настальгіяй па часах ГДР і стратамі ад санкцый, якія выклікалі ў абодвух землях моцныя прарасійскія настроі. Сёння прыкладна 75 працэнтаў усходніх немцаў патрабуюць пацяплення на Усходзе. Каб пасаваць настроям выбаршчыкаў, практычна ўсе структуры (акрамя, напэўна, Зялёных) намагаюцца выявіць сябе пуцінафіламі.

Найбольш смешна гэта атрымліваецца ў партыі Меркель, якая вымушаная балансаваць на двух крэслах. З аднаго боку, Меркель больш-менш трымае курс на працяг санкцый, крытыкуе ідэю вяртання Расіі ў «Вялікую васьмёрку», падтрымлівае Кіеў. З іншага — яе гаўляйтары ў Брандэнбургу і Саксоніі, наадварот, лятаюць у Расію, праводзяць перамовы з Пуціным, абяцаюць адмену санкцыйнага рэжыму.

Нарэшце, эксперты кажуць пра сур’ёзныя наступствы выбараў для лёсу дэмакратыі ў Германіі. Прафнепрыдатнымі аказаліся тыя, хто ўспрымаў першыя электаральныя поспехі «Альтэрнатывы для Германіі» за экспромт, спісваў усё на сітуатыўнае пратэстнае галасаванне. Цяпер ужо няма сумневаў, што партыя намацала ў шэрагу рэгіёнаў сваю сацыяльную глебу, і самае галоўнае — навучылася, як эксплуатаваць адчужанасць грамадзян ад сістэмы і палітыкаў. Менавіта пад сцягі AfD ідуць тыя, хто раней ігнараваў выбары і цураўся палітыкі. Куды можа прывесці гэты трэнд — пакуль загадка нават для самых аўтарытэтных зуброў нямецкай паліталогіі.

Свой прагноз наконт вынікаў і наступстваў нядзельнага галасавання для «Новага Часу» агучыў Маціа Фішэр, нямецкі экалагічны актывіст:

— Відавочна, што выбары ва Усходняй Германіі праходзяць у межах тэндэнцыі, якая паўстала на выбарах у Еўрапарламент, калі перамогу святкавалі правыя папулісты і Зялёныя. Тое ж самае будзе і 1 верасня, толькі ў буйнейшых маштабах. Зялёныя, якіх разглядалі як фрыкаў, могуць атрымаць у Брандэнбургу аж 12 працэнтаў. Прычым эколагі і правыя здабываюць перамогі за кошт вядучых партый мейнстрыму, якія гэтым разам усё ж захаваюць большасць і кантроль над адміністрацыямі. Аднак гэта, падаецца, ужо ў апошні раз. Таму варта чакаць, што пасля выбараў праблема Усходняй Германіі стане адной з галоўных тэмаў нямецкай палітычнай палемікі. Інакш мы пабачым паступовую інфільтрацыю «Альтэрнатывы для Германіі» ў структуры ўлады. Прынамсі, на месцах некаторыя кансерватары і нават эсдэкі гатовыя шукаць з папулістамі кампраміс», — мяркуе эксперт.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: