Усхваляваныя Балканы

На мінулым тыдні ліхаманіла практычна ўсе Балканскія краіны. З’явілася адчуванне, што на вачах рушыцца сістэма, якая паўстала пасля косаўскага канфлікту і больш-менш забяспечвала стабільнасць.


Як прызнаўся па слядах выбараў у Злучаных Штатах дырэктар МЗС Албаніі Дзітмір Бушаці, «усе палітыкі спадзяваліся на перамогу Клінтан, бо яе палітыку можна было пралічыць. Пачуццё трывогі, небяспекі можа справакаваць на Балканах рост напружанасці».

Праўда, яшчэ перад 8 лістапада ў рэгіёне адбылася вельмі незвычайная падзея. У Чарнагорыі спецслужбы выкрылі спробу дзяржаўнага перавароту, за якой стаялі ў тым ліку грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Па словах кіраўнікоў краіны, у дзень парламенцкіх выбараў 16 кастрычніка правакатары павінны былі адкрыць страляніну па натоўпе, а іншыя — павесці раз’юшаных людзей на штурм парламента. Мэта путчу — абвясціць прарасійскі рэжым і не пусціць Чарнагорыю ў NАТО.

Цікава, што ў некаторых каментарах наконт чарнагорскіх падзей узгадалі беларускага гаранта. Аказваецца, Лукашэнка — толькі другі палітык у Еўропе па часе знаходжання ва ўладзе. Ён саступае Міла Джуканавічу, які кіруе Чарнагорыяй з 1991-га. Калі ўзгадаць, што сама Чарнагорыя — дробная краіна, сумнеўна, што за столькі кадэнцый Джуканавіч не вывучыў сваіх апанентаў і «праспаў» падрыхтоўку такой маштабнай змовы.

Калі путчыстаў не было, дык што гэта было? Пакуль зразумелага адказу няма, аднак большасць схіляецца да версіі пра медыя-правакацыю, якая павінна была паралізаваць дзейнасць мясцовай апазіцыі. Не так даўно яна арганізавала нешта падобнае на Майдан, паўтору якога ўлада наўрад ці жадала. Апазіцыя пасля публікацый пра спробу путчу сапраўды заклікала сваіх прыхільнікаў сядзець дома, а гісторыя пра пераварот хутка знікла з газетных старонак.

Аднак вернемся да фактару пад назвай «Трамп». Касавары, баснійцы і албанцы ўспрынялі перамогу Трампа вельмі насцярожана — з улікам наяўнасці ў фразеалогіі пераможцы вялікай порцыі ісламафобіі. Забабоны супраць мусульман, як баяцца некаторыя, увойдуць у палітычны лексікон і на старым кантыненце. Даходзіць да таго, што ў Сараева людзі арганізавалі пікет супраць Трампа. Затое разгубленасцю напоўніцу карыстаецца баснійская пратурэцкая Партыя дэмакратычнай акцыі. Калі ёй верыць, Эрдаган хоць заўтра гатовы ўзяць пад сваю апёку ўсіх балканскіх мусульман.

А вось у сербскіх нацыяналістаў на вуліцы свята. У Банья-Луцы, сталіцы сербскай аўтаноміі ў Босніі, поспех кандыдата ад рэспубліканцаў успрымаюць як нябеснае пакаранне для сям’і Клінтан — як вядома, Югаславію бамбілі ў часы прэзідэнцтва Біла Клінтана. Тое, што Трамп паставіў пад пытанне нават сэнс існавання Паўночнаатлантычнага Альянсу, дазволіла фантанаваць самым смелым тэорыям. У сербскай аўтаноміі Босніі не хаваюць, што ў выпадку паслаблення прысутнасці NАТО край выйдзе з баснійскай федэрацыі, каб увайсці ў склад Сербіі. Праўда, у Бялградзе ўрад намагаецца такія заявы не каментаваць.

Моцна занепакоеныя такога кшталту размовамі ў Заграбе. Харвацкі палітыкум не выключае, што кампраміс паміж Трампам і Пуціным можа натхніць сербскіх нацыяналістаў на рэванш за прайграную вайну 1990-х гадоў. Тут таксама з жахам глядзяць на аўстрыйскі палітычны працэс, дзе кандыдат ад адной з ультраправых партый мае шанец ужо ў снежні стаць прэзідэнтам. Лічыцца, што ён сімпатызуе сербам.

Узняўся настрой ад апошніх паведамленняў са Злучаных Штатаў і ў прасербскіх палітыкаў у Македоніі. Цяпер нельга выключаць больш жорсткай канфрантацыі па пытанні ўступлення краіны ў NАТО. Кансультацыі наконт гэтага цягнуліся даўно, аднак зараз яны выйшлі на фінальны этап — дзякуючы Грэцыі, якая дала згоду на далучэнне македонцаў да Альянсу. Раней Афіны блакавалі іх сяброўства, паколькі лічаць, што брэнд «Македонія» належыць выключна грэкам. Аднак, як бачым, праз Трампа ўсё зноў падвісае.

Цяжка сказаць, наколькі перамога Трампа дапамагла кандыдату-сацыялісту Румену Радзеву выйграць другі тур выбараў прэзідэнта ў Балгарыі. За Радзева прагаласавалі 59,35% выбаршчыкаў, за яго апанента з лагеру еўрафілаў — 36,17%. Каментатары пішуць, што Трамп тут быў ні пры чым, паколькі балгары даўно пачалі стамляцца ад сітуацыі, калі прыгожыя лозунгі пра еўрапейскую інтэграцыю слаба канвертуюцца ў паляпшэнне ўзроўню жыцця простых людзей. На гэтым фоне перамогу Радзева, які крытыкаваў апанентаў, называючы іх стаўленікамі брусельскай бюракратыі, можна было прагназаваць. Іншая справа, наколькі Радзеў сапраўды будзе фліртаваць з Пуціным? Нават ва ўра-патрыятычных расійскіх медыя заклікаюць не называць Радзева «прарасійскім». Хаця б таму, што ён генерал ВПС краіны, якая ўваходзіць у NАТО, і праходзіў адпаведнае навучанне ў ЗША.

Больш спадзеваў у Расіі на Ігара Дадона, які 13 лістапада стаў прэзідэнтам Малдовы. Хаця прэзідэнт у Малдове — хутчэй сімвалічная фігура, а ўсім кіруе ўрад, некаторыя першыя заявы новай першай асобы дзяржавы выклікалі гучны рэзананс. Дастаткова ўзгадаць пра намер Дадона арганізаваць рэферэндум пра ўступленне краіны ў Мытны саюз. Хаця хапае і такіх палітолагаў, якія лічаць, што Дадон — крэатура мясцовага алігарха Плахатнюка, пад якім ходзіць уся ўрадавая вертыкаль. У малдоўскім выпадку лепш пачакаць першых канкрэтных крокаў ад Дадона, каб зразумець яго геапалітычны профіль.

І толькі ў адной балканскай краіне пануе радасць і весялосць. Гаворка, зразумела, пра Славенію, адкуль паходзіць Меланія Трамп, новая гаспадыня Белага дому. Славенцы шырока святкуюць прарыў суайчынніцы, не хаваючы, што чакаюць ад яе мужа-прэзідэнта крэдытаў і інвестыцый у славенскую гаспадарку. Праўда, як піша прэса, нават у такой святочнай атмасферы адчуваецца прысмак занепакоенасці за стабільнасць суседзяў. Калі ўспыхне Боснія, славенцам моцна адгукнецца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: